«Новы замак» у Наваградку

Так, маладыя гады Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, які ў альманаху распавёў пра гісторыю стварэння Гарадзенскае філіі СБП, звязаныя з гэтым горадам. Тут жыла ягоная жонка, тут нарадзілася дачка, сюды прыязджаў у аспіранскія гады.

Горад Міцкевіча блізкі паэту Анатолю Брусевічу, аўтару літаратуразнаўчага даследавання “Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча”. Да таго ж, бацька ягоны родам з Карэліччыны, як і паэтка Ала Петрушкевіч, якая прапанавала для альманаха апавяданне “Імя” і свае балесныя абразкі “Расстайнае”.

Святлана Абдулаева, Аляксей Пяткевіч, Ала Петрушкевіч, Анатоль Брусевіч

Старшыня абласнога аддзялення СБП Валянцін Дубатоўка ў маладосці аб’ездзіў і абышоў усю Наваградчыну. Таму многія сюжэты ягонае прозы звязаныя з тутэйшымі мясцінамі. Гарадзенскія пісьменнікі былі рады прывітаць сваіх наваградскіх сяброў: паэтку Святлану Абдулаеву, дырэктара музея Адама Міцкевіча Міколу Гайбу, добрым словам згадалі Міхася Зізюка за спрыянне ў арганізацыі сустрэчы.

Валянцін Дубатоўка, Аляксей Пяткевіч, Святлана Абдулаева, Мікола Гайба, Ала Петрушкевіч, Анатоль Брусевіч

Сустрэча адбылася ў Наваградскай раённай бібліятэцы, дзе шануюць аўтараў-землякоў, дзе створана надзвычай прыязная атмасфера, а кожная сустрэча з пісьменнікамі ператвараецца ў зацікаўленую размову пра літаратуру, пра лёс кнігі.

Гэтым разам слухачамі былі ў асноўным маладыя людзі, навучэнцы каледжа, якія міла рэагавалі на выступы, задавалі пытанні. Іх настаўніца – колішняя студэнтка А.М. Пяткевіча – з захапленнем згадвала ўрокі любові да літаратуры, якія памятаюцца ёй са студэнства.

Маем надзею, што наш альманах знойдзе ў старажытым горадзе зацікаўленых чытачоў.

Ул. інф. Гродзенскага абласнога аддзялення СБП