Новы збор твораў Караткевіча будзе больш поўным

У новым Зборы твораў Караткевіча будуць яго малюнкі і голасУ новым, 25-томным Зборы твораў Уладзіміра Караткевіча будуць не толькі яго творы, дзённікі і пісьмы, але і малюнкі, і нават голас.

 

У сваім нядаўнім інтэрв’ю “НГ” міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі паведаміў цікавую для аматараў беларускай літаратуры навіну: выдавецтва “Мастацкая літаратура” распачало падпіску на Збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах, першыя з якіх пабачаць свет у наступным годзе. Да 80-годдзя класіка беларускай літаратуры было перавыдадзена нямала яго твораў, і на паліцах кнігарняў яны не заляжаліся. Чым жа здзівіць прыхільнікаў творчасці Караткевіча новы збор твораў, праца над якім кіпіць у выдавецтве сёння?

 

Дзевяць кніг Уладзіміра Караткевіча ў светлай вокладцы, чытаныя яшчэ ў школьныя часы, перачытаныя днямі сённяшнімі, для многіх ніколі не былі пакрытым пылам “экспанатам” на хатняй кніжнай паліцы. З часу апошняга выдання збору твораў пісьменніка мінула 20 гадоў. Аказваецца, першы збор твораў змяшчае ў сабе нават менш за палову таго, што пакінуў нам у спадчыну пісьменнік. Малавядомыя шырокай аўдыторыі творы і будуць размешчаны аж у 25 тамах, апошні з якіх убачыць свет у 2020 годзе да 90-гадовага юбілею Караткевіча.

 

Падрабязней пра змест гэтых кніг карэспандэнт “НГ” даведалася ў кіраўніка праекта і аднаго з укладальнікаў, дацэнта кафедры беларускай мовы і культуры філалагічнага факультэта БДУ Анатоля Вераб’я.

 

— Акрамя вядомых, класічных ужо раманаў, аповесцей, апавяданняў і вершаў пісьменніка,  збор твораў будзе змяшчаць тэксты, якія ніколі не друкаваліся пры жыцці Караткевіча, — расказвае навуковец. — Напрыклад, невядомыя раней рускамоўныя паэмы “Родина”, “Предыстория”. Апавяданні “Маленькая балерына”, “Белае полымя”, “Лісты не спазняюцца ніколі”, п’еса “Трошкі далей ад месяца” былі змешчаны ў зборніку “Творы”, выдадзеным у 1996 годзе. Не знайшлося ў папярэднім Зборы твораў Караткевіча месца для перакладаў пісьменніка. А ён жа перакладаў творы Байрана, Катула, Адама Міцкевіча, Івана Франко. Цікавасць выкліча пераклад Караткевіча на беларускую мову твораў Аляксея Талстога “Цар Фёдар Іаанавіч”, а таксама Мустая Карыма “У ноч зацмення месяца”.

 

Прыхільнікі творчасці Уладзіміра Сямёнавіча ведаюць, што ён цудоўна маляваў. Яго малюнкі, шаржы, аўтапартрэты таксама будуць змешчаны ў адным з тамоў новага збору твораў.


А ці многія чулі цудоўны барытон пісьменніка? Караткевіч добра спяваў, ведаў многа беларускіх народных песень. Пачуць іх у яго выкананні можна будзе на CD-дысках, дададзеных да тамоў. У другой палове 1970-х гадоў пісьменнік працаваў на тэлебачанні, дзе вёў праграму “Спадчына”, прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі. Тэлевыступленні, а таксама яго здымкі ў фільме “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, знятым па яго сцэнарыі,  таксама будуць змешчаны на дыску. Асобна выйдзе электронная бібліятэка твораў. Ёй ужо цяпер можна карыстацца на сайце uladzimir-karatkevich.com.

 

Тры тамы зоймуць напісаныя Караткевічам сцэнарыі мастацкіх і дакументальных фільмаў “Сведкі вечнасці”, “Чырвоны агат”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, лібрэта “Кастусь Каліноўскі” і іншыя. Яшчэ два тамы адводзяцца для ліставання пісьменніка з Уладзімірам Калеснікам, Васілём Быкавым, Максімам Танкам. Два тамы зойме публіцыстыка. Значнае месца ў зборы будзе аддадзена дзённікам Караткевіча, урыўкам з запісных кніжак.

 

На наступны год запланаваны выхад двух тамоў, якія ўключаць паэзію 1950—1984 гадоў: творы са зборнікаў “Матчына душа”, “Вячэрнія ветразі”, “Мая Іліяда”,  “Быў. Ёсць. Буду”, а таксама творы, якія не так даўно былі знойдзены ў архівах.

 

Марына Кузьміч

ng.by