Новы зборнік Віктара Жыбуля “Стапеліі”

Да свята Новага года рыхтуюцца і беларускія выдавецтвы. Гэтымі днямі мінскае выдавецтва “Галіяфы” здала ў друкарню адразу чатыры кнігі, сярод якіх і новы зборнік Віктара Жыбуля “Стапеліі”.

Аўтар кнігі паведаміў, што першая версія гэтага зборніка з’явілася яшчэ ў 1998. Віктар Жыбуль:

- Яе першая версія была складзена яшчэ ў 1998 годзе. Тады яна называлася “Фініта ля трагедыя”, цяпер яна называецца “Стапеліі”. Частка старых, частка новых рэчаў. Я дапоўніў і ўдасканаліў гэтую кнігу.

Віктар Жыбуль патлумачыў, што стапеліі – гэта кветкі, якія растуць у паўднёвай Афрыцы. Яны вельмі прыгожыя, але распаўсюджваюць непрыемны пах. Згодна тлумачэнням батанікаў, такім чынам кветкі прыцягваюць да сябе мух - адзіных насякомых-апыляльнікаў, якія сустракаюцца ў той мясцовасці.

Прэзентацыя новай кнігі Віктара Жыбуля адбудзецца ўжо ў наступным годзе ў студзені.

Васіль Кроква, Радыё Рацыя.

Фота - budzma.org