Новым старшынём Гарадзенскага абласнога аддзялення СБП стаў Валянцін Дубатоўка
У першым шэрагу, злева направа: Ала Петрушкевіч, Аляксей Пяткевіч, Леанарда Юргілевіч; далей, злева направа: Уладзімір Хільмановіч, Рычард Бялячыц, Сяргей Чыгрын, Віктар Сазонаў, Сяргей Астравец (Астраўцоў), Анатоль Брусевіч, Анатоль Валюк, Алесь Пашкевіч, Ігар Жук, Барыс Пятровіч, Валянцін Дубатоўка, Юрка Голуб
Гарадзенскае аддзяленне сёння – адно з найбольш актыўных і прадстаўнічых у ГА “СБП”. Сярод больш чым двух дзясяткаў сябраў філіі ёсць паэты, празаікі, крытыкі і літаратуразнаўцы, журналісты. Варта ўзгадаць імёны Аляксея Пяткевіча, Ігара Жука, Алы Петрушкевіч, Сяргея Астраўца (Астраўцова), Віктара Сазонава, Юркі Голуба, Віктара Шалкевіча і іншых творцаў, што плённа працуюць на гарадзенскае зямлі.
Выступае Барыс Пятровіч
Са сталіцы на сход завіталі Старшыня ГА “СБП” Барыс Пятровіч, яго першы намеснік Алесь Пашкевіч і памочнік Старшыні Усевалад Сцебурака, што выступілі як назіральнікі (згодна са Статутам арганізацыі, выбары старшыні абласной філіі праходзяць з удзелам выключна сябраў рэгіянальнага аддзялення).
Злева направа: Юрка Голуб, Барыс Пятровіч (выступае), Рычард Бялячыц, Анатоль Брусевіч, Ала Петрушкевіч, Анатоль Валюк, Сяргей Чыгрын, Уладзімір Хільмановіч
У прывітальным слове Барыс Пятровіч падзякаваў гарадзенцам за плённую працу, сцісла асвятліў асобныя аспекты дзейнасці іншых пісьменніцкіх філій Саюза, а таксама напрыканцы павіншаваў усіх прысутных з атрыманнем чальцом нашага саюза Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі.
Алесь Пашкевіч і Юрка Голуб
Юрка Голуб
Сход пад кіраўніцтвам спадара Голуба разгледзеў шэраг пытанняў, сярод якіх асноўнымі былі: справаздача старшыні, выбары новага кіраўніка гарадзенскай пісьменніцкай арганізацыі, абранне рэдактара і рэдакцыйнай рады літаратурнага альманаха “Новы замак” — зборніка, што выдаецца філіяй ужо на працягу трох гадоў.
Злева: Валянцін Дубатоўка; уверсе, злева направа: Рычард Бялячыц, Анатоль Брусевіч, Ала Петрушкевіч; унізе: Аляксей Пяткевіч, Леанарда Юргілевіч
Выбары старшыні адбыліся шляхам тайнага галасавання па двух прапанаваных удзельнікамі сходу кандыдатурах – Сяргея Астраўцова і Валянціна Дубатоўкі.
Бальшынёй галасоў новым кіраўніком філіі быў абраны Валянцін Дубатоўка. Яго намеснікамі сталі Уладзімір Хільмановіч і Юрка Голуб.
Уверсе, злева направа: Сяргей Астравец (Астраўцоў), Ігар Жук, Аляксей Пяткевіч; унізе: выступае Ала Петрушкевіч; злева направа: Сяргей Астравец, Ігар Жук, Аляксей Пяткевіч
Рэдакцыю альманаха “Новы замак” узначаліў Сяргей Астравец, а ў рэдакцыйную раду ўвайшлі Аляксей Пяткевіч, Ігар Жук, Юрка Голуб.
Таксама сход Гарадзенскай філіі зацвердзіў прапанову да Рады ГА “СБП” надаць званне “ганаровы сябра” Саюза беларускіх пісьменнікаў беластоцкім творцам: Віталю Лубу, Яўгену Вапу, Ганне Кандрацюк і Міхасю Андрасюку. Раней у 2006 годзе гэтым званнем былі ўганараваныя сябры беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Польшча).
Сакратарыят ГА “СБП” выказвае падзяку за шматгадовую працу на пасадзе старшыні філіі спадару Юрку Голубу, а таксама шчыра віншуе новаабранага кіраўніка аддзялення — Валянціна Дубатоўку — і зычыць яму плёну ў гэтай пачэснай справе!
Фота Усевалада Сцебуракі
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"