Новымі сябрамі СБП сталі Валянцін Дубатоўка, Кацярына Оаро і Алег Наважылаў. Віншуем!

Валянцін Яўгенавіч Дубатоўка — пісьменнік, краязнавец, мецэнат. Нарадзіўся 20 ліпеня 1963 года ў вёсцы Александрыя Дзярэчынскага сельсавета Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1981 годзе скончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, у 1982-м — электратэхнічнае вучылішча ў Гродне. У 1982—1984 гадах служыў у Савецкай Арміі, пасля дэмабілізацыі служыў у пажарнай ахове на прадпрыемстве “Азот”.

У 1990-х стаў заснавальнікам і кіраўніком камерцыйных структур. Фундаваў кнігі: факсімільнае выданне Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”, Міхася Скоблы “Розгі ў розніцу”, Юркі Голуба “Багра” ды інш.

У Касцёле Дзярэчына намаганнямі В. Дубатоўка ўсталяваная мемарыяльная дошка ў гонар удзельніка паўстання 1830 года Яўстаха Каятана Сапегі. У Зэльвенскай праваслаўнай царкве дзякуючы Валянціну з’явілася дошка памяці Ларысы Геніюш.

Пісаць пачаў яшчэ ў школьныя гады, друкаваўся ў Зэльвенскай раённай газеце “Праца”. Выступаў як аўтар тэкстаў песень для гродзенскіх музычных калектываў. Проза і вершы публікаваліся ў “Гродзенскай праўдзе”, “Дзелавой газеце”, у часопісах “Роднае Слова”, “Дзеяслоў”. Выдаў кнігу даследаванняў і вершаў “Архіпелаг Сапегаў” і кнігу прозы “Чорная Воля”.

 

Кацярына Уладзіміраўна Оаро (дзяв. Юркевіч) — журналістка, празаік. Нарадзілася 4 верасня 1986 года ў Адэсе, амаль адразу сям’я пераехала ў Ялту, дзе Кацярына пражыла 7 гадоў і пайшла ў школу. У 1993 годзе разам з бацькамі пераехала ў Беларусь, у г. Івацэвічы Брэсцкай вобласці, дзе скончыла школу і ліцэй. Пасля вучылася ў Інстытуце журналістыкі БДУ.

Скончыла Беларускі Калегіюм, два аддзяленні: “Філасофія/літаратура” і “Журналістыка”.

З 2008 па 2013 вучылася ў Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве на аддзяленні прозы (майстар — А. Рэкемчук). Скончыла з чырвоным дыпломам.

З 2013 года жыве на поўначы Францыі ў г. Ліль.

Працавала журналістам у розных выданнях і на радыё, выкладчыкам рускай мовы, літаратуры і мастацкага пісьма. Вяла дзіцячыя творчыя студыі па літаратуры і журналістыцы.

У 2013 годзе выдала ў серыі “Пункт адліку” СБП дэбютную кнігу “Сарочае радыё”, за якую атрымала прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ў галіне прозы.

 

Алег Аляксеевіч Наважылаў — паэт, празаік, драматург. Піша на рускай мове. Нарадзіўся ў Самаркандзе 7 жніўня 1935 года. Закончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут сувязі, пасля па размеркаванні прыехаў працаваць у Гродна. Першыя публікацыі апавяданняў былі ў “Гродзенскай праўдзе” ў час, калі там працаваў Васіль Быкаў, пры яго рэдагаванні і падтрымцы.

Некаторы час жыў у Манголіі, пасля ва Узбекістане, цяпер — у Беларусі, у Гродне.

Апавяданні публікаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Беларуская думка”, газеце “Літаратура і мастацтва” ды інш. Акрамя таго, творы друкаваліся ў Расіі, Літве, Манголіі, Узбекістане.

Аўтар кнігі апавяданняў “Агатовый ручей”, зборнікаў вершаў “Берег” і “Серебро луны”, асобнай кнігай была выдадзена п’еса “Железная свадьба”.    

Прэсавая служба СБП