Новыя беларускія кнігі — што варта будзе шукаць у кнігарнях?
Чак Паланюк
«Байцоўскі клуб»
Што? Шыкоўны, паводле выдаўцоў, пераклад Сержа Мядзведзева адной з галоўных кніг 1990-х, якая паўплывала на цэлае пакаленне будучых даўншыфтэраў і змагароў. Выходзіць у кішэнным фармаце, які нагадвае пакунак ці то мыла, ці то дынаміту. Беларуская версія рамана – больш чым удалая нагода яшчэ раз перачытаць кнігу, якая «зрабіла нас» на пачатку 2000-х.
Калі? Выходзіць у выдавецтве «Логвінаў» у лютым 2014-га.
Уладзіслаў Ахроменка
«Музы і свінні»
Што? 27 гарадскіх міфаў, легенд і апокрыфаў пра герояў, якія нас змянілі. «Дзед Талаш, Дзмітрый Шастаковіч, Кім Ір Сэн, Уладзімір Мулявін, Жак-Іў Кусто, а таксама акцёры, рэжысёры, музыкі, мастакі, мянты, цэнзары і камітэтчыкі, імёны каторых так і не захаваліся для нашай мастацкай спадчыны», – пералічвае герояў кнігі Ахроменка. «Музы і свінні» ўжо параўноўваюць з велераўскімі «Легендамі Неўскага праспекта».
Калі? Бліжэйшым часам.
Рома Свечнікаў
«Рома едзе»
Што? Першая частка кругасветкі Ромы Свечнікава ахоплівае год яго падарожжа і тэрыторыю ад Грузіі ды Ірану да Кітаю і Лаосу. Тэкст пісаўся ў паходных умовах па гарачых слядах і прынцыпова не падвяргаўся дапісванню і глыбокай рэдактуры «на халодную галаву». Атрымаўся дакументальны раман-падарожжа і «роад-муві» на выжыванне.
Калі? Мультылэйбл «Пяршак» плануе выдаць рэліз у сакавіку 2014-га.
Альгерд Бахарэвіч
«Каляндар Бахарэвіча»
Што? 365 тэкстаў на кожны дзень і на любы густ. «Ёсць тэкст пра дзень, якога магло і не быць. Ёсць тэкст пра Борхеса, які ўдарыўся аб аконную раму. Пра дзень, калі Майрынк перадумаў страляцца», – распавядае сам аўтар. Чытаць можна па парадку, з канца і, вядома, з сярэдзіны. Кажуць, што па кніжцы можна будзе паспяхова варажыць. Must have для аматараў іранічнай і назіральнай эсэістыкі.
Калі? Выхад кнігі ў серыі «Бібліятэка Свабоды» запланаваны на сакавік 2014-га.
Вольга Гапеева
«Сумны суп»
Што? Дзіцячая кніга прозы ад адной з самых цікавых беларускіх паэтак. Зборнік казачна-філасофскіх гісторый «Сумны суп» перамог у леташнім конкурсе «Экслібрыс» імя Янкі Маўра. Выходзіць з ілюстрацыямі мастачкі Марты Герашчанкі, якую Вольга лічыць паўнавартаснай суаўтаркай кнігі.
Калі? Увесну 2014-га.
Віктар Марціновіч
«Мова»
Што? Новы беларускамоўны раман Марціновіча будзе называцца «Мова». Пра яго вядома толькі, што падзеі кнігі адбываюцца ў будучыні, дзе ніякай Беларусі ўжо не існуе. Аўтар не выключае, што працягне паспяховы эксперымент «Сфагнума» і выдасць раман зноў на дзвюх мовах і дзвюх платформах – на паперы і ў электронным выглядзе. «Мова» – другі пасля «Сцюдзёнага выраю» раман Марціновіча, напісаны па-беларуску.
Калі? Выхад кнігі запланаваны на восень 2014-га.
Дуглас Адамс
«Аўтаспынам па Галактыцы»
Што? Яшчэ адна культавая кніга XX стагоддзя атрымлівае нарэшце свой беларускі пераклад. Кніга брытанскага пісьменніка і сцэнарыста Дугласа Адамса лічыцца адной з вяршынь іранічнай фантастыкі. У перакладзе Паўла Касцюкевіча на «галоўнае пытанне жыцця, сусвету і ўсяго такога» адказ такі ж самы, як і ў арыгінале.
Калі? Планаваная дата выхаду – восень 2014 года (выдавецтва «Логвінаў»).
Кнігі «Рома едзе», «Каляндар Бахарэвіча», «Сумны суп» і «Мова» яшчэ не маюць вокладак.
Прадстаўленыя ў матэрыяле адпаведныя каверы – гэта фантазіі і прапановы ад 34mag.