Новыя лаўрэаты прэміі Гедройца названыя ў Мінску (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года.

Арганізатары: ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, дабрачынны фонд "Вяртанне", Беларускі ПЭН-Цэнтр.

Зміцер Бартосік атрымлівае ўзнагароду

У 2017 годзе ў журы Прэміі Гедройца ўваходзяць: Міхась Андрасюк, Раіса Баравікова, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Павел Касцюкевіч, Ціхан Чарнякевіч.

Хвілінай маўчання ўшанавалі ў зале памяць рэпрэсаваных у 1930-х гг. прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі. Вёў імпрэзу Андрэй Хадановіч.

З прывітальным словам выступіў Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч:

-- Быў час, калі прэмія для празаікаў была не толькі прэстыжнай, але і амаль што адзінай. У нас з’явіліся новыя прэміі – для перакладчыкаў, паэтаў, нон-фікшн-аўтараў. Значыць, прэмія Гедройца разварушыла нашае літаратурнае жыццё. СБП уручае сёлета дзве прэміі – сертыфікат на выданне кнігі і на творчую паездку на выспу Готланд (Швецыя).

Дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Матэуш Адамскі адзначыў:

-- Вельмі ўсцешаны тым, што Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь працягвае падтрымку і прэміі, і нацыянальнай культуры суседняй краіны, з якой нас звязваюць доўгія стагоддзі агульнай гісторыі. Развіццё і дабрабыт нашых краін з’яўляюцца важным фактарам нашай будучыні. Ежы Гедройц, чыё імя носіць прэмія, меў фундаментальны ўплыў на свядомасць еўрапейскага інтэлектуальнага грамадства.

Нагадаем, на перамогу прэтэндавалі 7 кніг:

Зміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы
Валер Гапееў. Ноч цмока
Адам Глобус. Зваротная перспектыва
Андрусь Горват. Радзіва «Прудок». Дзённік
Сяргей Календа. Падарожжа на край ложка
Людміла Рублеўская. Дагератып
Аляксей Талстоў. Апоўначы на сіялімскім мосце

Галоўны прыз склаў суму, эквівалентную 5000 еўра паводле курсу Нацыянальнага банка РБ.

Папярэднія пераможцы прэміі: Павел Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016).

Тэкст: ВТ, фота: Наста Грышчук, для lit-bel.org