Новыя сябры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Абдулаева Святлана Іосіфаўна (Юшкевіч) нарадзілася 23 снежня 1964 года ў в. Ашмянцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Скончыла Гродзенскае музычнае вучылішча. Працуе ў Наваградскай дзіцячай школе мастацтваў. Друкавацца пачала ў 1985 годзе. Вершы з’яўляліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Алеся”, “Гаспадыня”, “Книжный калейдоскоп», у газетах “ЛіМ”, “Настаўніцкая газэта”, “Гродзенская праўда”. Піша на беларускай і рускай мовах. У 2011 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў зборнік яе паэзіі “Музыка дажджу”. А ў 2012 годзе ў выдавецтве “Ковчег” – зборнік “Тайна времени» на рускай мове. Многія вершы паэткі пакладзены самадзейнымі кампазітарамі на музыку.

Бабіна Наталля Васільеўна (Наталка Бабіна) нарадзілася 15 траўня 1966 года ў в. Заказанка Берасцейскага раёна. Пасля школы вучылася на інжынера ў Мінскім палітэхнічным інстытуце. Працавала інжынерам на заводзе «Цветатрон» (Берасце), на заводзе імя Леніна (Мінск). Таксама працавала ў газеце «Збудзінне», потым інжынерна-тэхнічным супрацоўнікам у дзяржаўнай газеце «Звязда». З 1994 года супрацоўнічае з газетай «Наша Ніва», з 2007 года — штатны журналіст газеты. Мастацкія творы пачала друкаваць у 1994 годзе. Піша па-беларуску і па-ўкраінску. Друкавалася ў часопісах «ARCHE», «Дзеяслоў», газетах «Звязда» і «Наша Ніва»; ва ўкраінскіх часопісах «Сучасність», «Кур’ер Крівбасу», «Над Бугом і Нарвою», газеті «Поступ». Творы перакладзеныя на польскую, чэскую, украінскую і ангельскую мовы. Аўтарка зборніка апавяданняў «Крыві не павінна быць відна " (2007 г.), рамана "Рыбін горад" (2008, 2011 г.).

Бяляцкі Віктар Іванавіч нарадзіўся 25 красавіка 1954 года ў в. Філітава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. Скончыў Філатаўскую васьмігодку, пасля Жыліцкі саўгастэхнікум і Магілёўскае культпрасветвучылішча, скончыў Магілёўскі педінстытут імя Куляшова і Беларускі інстытут культуры. Вершаскладаннем пачаў цікавіцца яшчэ ў школе. Творы з’яўляліся ў газеце “Магілёўская праўда”, часопісах “Маладосць”, “Беларусь” і “ЛіМ”, а таксама ў калектыўных зборніках “Друцкія зарніцы” (1996) і “Гімн жыццю” (2003). У 2013 годзе выйшаў зборнік “Маладзік”.

 

 

Гардзіенка Наталля Сяргееўна (дзявоч. Арлова), гісторык, кандыдат гістарычных навук, нарадзілася 6 ліпеня 1977 года ў г. Мінску. Вучылася ў школах Мінска, Саны (Йемен), Ліды. Скончыла Ліцэй БДУ. У 1994 г. паступіла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Спецыялізавалася на кафедры Гісторыі Беларусі старажытнага часу і Сярэдніх вякоў, займалася беларускай гісторыяй XVIII ст. У 1999 г. паступіла ў аспірантуру БДУ. У лютым 2003 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Становішча жанчыны-шляхнцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII ст.”. З 2002 г. цікавіцца гісторыяй беларускай эміграцыі. Аўтарка кніг “Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары” (Мінск, 2004), “Беларусы ў Вялікабрытаніі” (Мінск, 2010), “Рада БНР: Падзеі. Дакументы. Асобы” (сумесна з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2013) ды каля сотні артыкулаў. Адказны рэдактар альманаха “Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва”. Удзельнічае ў рэдагаванні выданняў кніг серыяў “Беларуская мемуарная бібліятэка”, “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, “Галасы Айчыны”. Сябра управы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Гронская Вольга Чаславаўна нарадзілася 10 чэрвеня 1978 года ў г.п. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Скончыла Крывіцкую сярэднюю школу (1995), рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000) і аспірантуру пры ім (2003). У 2004 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Хранатоп прозы Інгеборг Бахман”. Выкладае сусветную літаратуру ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе курыруе таксама працу кафедральнага літаратурна-творчага аб’яднання “БУКет”. Дэбютавала ў часопісе “Першацвет” у 1996 г. пад дзявочым прозвішчам Гурло. Публікавалася таксама пад псеўданімам Гурская (у часопісе “ARCHE”). Вершы друкаваліся ў часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, газеце “ЛіМ”, зборніку “Дар зямны”, гучалі ў праекце “Чорна-белыя вершы”. В. Гронская двойчы перамагала на “Фестывалі аднаго верша” (2011 і 2012 гг.). У 2013 выйшла першая паэтычная кніжка В. Гронскай “АдВольная міфалогія”. Перакладае з нямецкай мовы. Пераклады прозы і паэзіі розных аўтараў з’яўляліся ў часопісах “Крыніца”, “ARCHE”, у інтэрнэт-часопісе перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”. У 2012 г. удзельнічала ў дзейнасці нямецка-беларускай перакладчыцкай майстэрні.

Емяльянаў-Шыловіч Алесь Віктаравіч нарадзіўся ў 1987 годзе ў г. Крычаве. Амаль з нараджэння жыў у г. Слуцку, дзе скончыў САШ №9 і УА “Слуцкае дзяржаўнае медвучылішча”. Скончыў біялагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці “біёлаг”. Цяпер працуе ў EPAM Sistems. Першая публікацыя з’явілася ў 2005 годзе ў газеце “Інфа-Кур’ер”. Друкаваўся ў раённых газетах, калектыўных зборніках, “ЛіМе”, альманаху “Тэксты”, часопісах “Дзеяслоў”, “Верасень”, “Маладосць”, “Тэрмапілы”. Фіналіст конкурсаў беларускага ПЭН-Цэнтра, “Экслібрыс”, “Брамамар”. Кіраўнік літаб’яднання “Вобла” пры выдавецтве “Галіяфы”. Аўтар зборніка вершаў “Парасонечнасць” (бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў ”Кнігарня пісьменніка”, вып. 45, 2013). Творы перакладзеныя на польскую, сербскую і ўкраінскую мовы.

Зізюк Міхась Міхайлавіч нарадзіўся 30 чэрвеня 1967 года ў в. Лучыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Лучыцкую сярэднюю школу і Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Служыў на Далёкім Усходзе. У 1993 годзе вярнуўся на Беларусь. Працаваў у раенным аддзеле ўнутраных спраў, скончыў Акадэмію МУС РБ і атрымаў кваліфікацыю юрыста. Пісаць пачаў у сярэдзіне 2000-ых гадоў. Першае апавяданне надрукаване ў газеце “Звязда” – “Цяпло яе сэрца” (2005). Выйшлі кнігі “Пропавшая свадьба” (2007), “Зелянее рунь” (2011), “Храм его души» (2011), «Оракулы междуречья» (2013). Аўтар піша на беларускай і рускай мовах. Жыве і працуе ў г. Наваградку Гродзенскай вобл.

Квяткоўскі Севярын Аляксандравіч нарадзіўся 30 сакавіка 1973 года ў Мінску. Літаратар, публіцыст, журналіст. Як пісьменнік дэбютаваў у газеце "Наша Ніва" ў 1993 імпрэсіямі "На гэтай паперы...", "Момант Мяне", "Парагвай". Аўтар дзясяткаў апавяданняў, эсэ, імпрэсій і мініятураў у выданнях "Наша Ніва", "Arche", Svaboda.org. Аўтар кніг "Фрашкі да пляшкі", "Падарунак для Адэлі".

 

 

 

Марачкін Аляксей Антонавіч (Алесь Мара) нарадзіўся 10 сакавіка 1940 года ў в. Папоўшчына (цяпер Новая Слабада Чэрыкаўскага раёна). Беларускі жывапісец, педагог, паэт. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1962), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1972, цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Член Саюза мастакоў (з 1974). Працаваў у Мінску, пэўны час як вольны мастак, пасля — галоўным мастаком Мастацкага фонду. У 1988—1997 г. працаваў у Беларускай акадэміі мастацтваў, выкладаў, загадваў кафедрай жывапісу. Член БНФ (з 1989). Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастацкай суполкі «Пагоня».

Мініч (Андрэева) Лідзія Андрэеўна нарадзілася 22 студзеня 1940 года ў в. Рэкта Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Клімавічах, затым навучалася на заатэхнічным факультэце БСГА, скончыла аспірантуру, выкладала. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1989), дацэнт. Першыя вершы з’явіліся ў 1999 годзе ў раеннай газэце “Ленінскі шлях”.  У 2005 з’явіўся першы зборнік “Спешу сказать…” Усяго выйшла 6 паэтычных зборнікаў аўтара: “Жыватворная крыніца” (2007), “Мая сям’я ад А да Я:вершы для дзяцей” (2010), “Споведзь” (2010), “На хвалях вечнасці: міфы і легенды ў вершах” (2012), “І боль, і мары, і любоў” (2013).

Новік Ганна Юр'еўна нарадзілася 17 снежня 1990 года ў Гомелі. Навучалася ў СШ №19 з мастацкім ухілам. Менавіта з гэтага часу пачалася прага да жывапісу. У 2008 годзе скончыла абласны ліцэй і музычную школу па класе гітары, падалася ва ўніверсітэт. Закончыла філалагічны факультэта ГДУ імя Скарыны. Захапляецца сюррэалізмам, постмадэрнізмам, беларускай і ўкраінскай музыкай, батыкам і інш. цікавымі рэчамі. Друкавалася ў “Маладосці”, “Літаратурнай Гомельшчыне”, газетах “Раніца”, “Экалагічны веснік”, “Гомельскі ўніверсітэт”,”ЛіМ”, міжнародным альманаху “Сланечнік”. Разам з Максімам Новікам выдае інфармацыйна-культурніцкі лісток “Толькі разам”. Пачала пісаць яшчэ ў школе. Аўтар паэтычнай кнігі "Сумёты вагню".

Строцаў Дзмітрый Юльевіч нарадзіўся 12 красавіка 1963 года. Паэт. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, па прафесіі архітэктар. З сярэдзіны 1990-х займаецца выдавецкай справай, заснавальнік мінскага выдавецтва «Виноград», якое выпускае паэзію , рэлігійную літаратуру ды інш. Лірыка Строцава спалучае ў сабе імкненне да спасціжэння метафізічнай існасці звычайных рэчаў і іранічную адстароненасць. Цікавасць Строцава да вершаванага эпасу і буйной паэтычнай формы, адзначаная ўжо ў ранняй яго творчасці раманам у вершах «Лишние сутки», на пачатку 2000-х гг. вылілася ў працу над паэмай «Звероносец » (апублікаваныя першыя дзве часткі) , якая абапіраецца на фальклорныя асновы ў моўным і прасадычным сэнсе і наследуе Веніяміну Блажэннаму ў багаборчых матывах. Дзмітры Строцаў вядомы як яркі выканаўца сваіх вершаў (сваю асаблівую манеру дэкламацыі ён называе «паэтычнымі танцамі ») і аўтар-выканаўца песень на свае вершы. За зборнік вершаў “850 строк” Дзмітры Строцаў атрымаў “Рускую прэмію” трэцяй ступені за 2007 год у намінацыі "Паэзія" . Жыве і працуе ў Мінску.

Харэўскі Сяргей Васільевіч нарадзіўся 5 кастрычніка 1967 года ў Мінску — беларускі мастак, літаратар, гісторык мастацтва, культуроляг, мастацтвазнаўца. Вучыўся ў школе з мастацкім ухілам №26, у Мінскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава (1982—1987); у Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры ім І. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР (1988—1992), асьпірантуры Беларускай Акадэміі Мастацтваў (1994—1997), у 1996 у летняй школе Варшаўскага Ўніверсітэта. У 1986-1991 працаваў у Інстытуце "Белспецпраектрэстаўрацыя", у 1993 -- 2000 выкладаў у Віленскім педагагічным унівэрсітэце. Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі архітэктуры і мастацтва, кніг эсэістыкі "ПраЧутае", "Прамоўленае", "Зьвяры-суайчыньнікі" і іншых. 

 

Прэсавая служба СБП