Новыя вершы на асфальце (+ФОТА)

Некаторыя з іх паспелі ўжо атрымаць ацэнку крытыкаў і трапіць у рукі да сваіх чытачоў. Іншыя -- выдадзеныя зусім нядаўна -- чакаюць свайго часу, захоўваючы на сваіх старонках прыемны пах друкарскай фарбы.

Наста Кудасава і гурт "Сон-трава"

Вядоўцам на вечарыне выступіў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, які паміж міні-імпрэзамі зачытваў вершы з томіка “Перавыбранае” Рыгора Барадуліна:

“У мяне ёсць пэўная задача. Кожны прадстаўляе свае кнігі -- а я хацеў бы прадставіць кнігу дзядзькі Рыгора, які насамрэч, канешне, не мае патрэбы ў прадстаўленні”.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч адзначыў, што кнігі з выбранымі творамі вялікіх паэтаў з’яўляюцца таму, што ў іх ёсць, з чаго выбіраць: “Калісьці Бамаршэ за вялікія грошы раскручваў Вальтэра на прыжыццёвы 90-томнік, і той сумна пажартаваў: “З такім багажом да нашчадкаў даехаць цяжка”.

Ганна Галавіна

Людка Сільнова

Міхал Бараноўскі

Яўген Бясчасны

Удзельнікамі вечарыны былі Ганна Галавіна з кнігай “Яблык Зямля”, Яўген Бясчасны з дэбютнай “Стой!”, Людка Сільнова з “Горадам Мілаградам”, вытрыманым у стылістыцы рыцарскіх вершаў, Міхал Бараноўскі з музычнай “Volumen.1”. Два паэты, Аляксей Арцёмаў і Ганна Комар, не змаглі прысутнічаць на вечарыне -- падчас фестывалю яны знаходзіліся за межамі Беларусі. Таму яны запісалі відэазвароты, і іх паэзія была пачутая.

Віктар Жыбуль

Як заўсёды, жывым і яркім быў выступ Віктара Жыбуля -- летась у паэта-авангардыста выйшла кніга “Дзяцел і дупло”. З нагоды таго, што 2017-ы абвешчаны Годам навукі, ён прачытаў верш “Вучоны ў чарзе па піва”.

Алесь Дзянісаў

У якасці музычнага перапынку гасцям былі прадстаўленыя песні Алеся Дзянісава на вершы гарадзенскага паэта і эсэіста Алеся Чобата. “Мне неяк сказалі, што вершы Чобата – не музычныя: некалькі чалавек намагаліся зрабіць з іх песні, але ў іх нічога не атрымалася. Я ж лічу, што наўпрост знаходжуся “на адной хвалі” з Алесем -- гэта я зразумеў адразу”.

Вольга Злотнікава

Сабіна Брыло

Андрэй Бастунец

Таксама на вечарыне прагучалі вострыя і лірычныя вершы Вольгі Злотнікавай з новай кнігі “Паства”, Таццяна Сівец распавяла аб сваёй асабістай “Разняволенасці”, Сабіна Брыло выступіла з вершамі са свайго дэбютнага “штодзённага” і глыбокага заборніка “Это буквы”. А Андрэй Бастунец абверг нерухомасць “Доказательством движения”.

Ігар Кулікоў

Спецыяльна для аматараў перакладаў выступіў Ігар Кулікоў. Дзякуючы яму знакамітую індыйскую “Рыгведу” цяпер можна чытаць і на беларускай мове.

А аматараў перакладаў у зале было шмат – да прыкладу, паэт Міхал Бараноўскі, які прызнаўся, што рады як адкрываць новыя імёны, так і сустракаць новых сяброў на фестывалі:

“Чым падабаецца фармат фестывалю – можна за кароткі час пазнаёміцца з кнігамі аўтараў. Наведваць усе імпрэзы не стае часу, а тут усе лепшыя аўтары як на далоні. За гэты год было выдадзена шмат добрых кніг – у прыватнасці, прыемна, што нарэшце з’явілася магчымасць чытаць Гейнэ і Бадлера на беларускай. Яшчэ асабіста хацелася б адзначыць зборнік Насты Кудасавай “Маё невымўля” – лічу, што ён адзін з самых вартых”.

Паводле праграмы Насце Кудасавай давялося выступаць апошняй. Зрабіць яе выступ больш яркім дапамог гурт “Сон-трава”. Музыкі зрабілі з вершаў паэткі некалькі якасных песень.

“Шчыра кажучы, я люблю гэты фестываль – па-першае, таму, што ён адзіны такі. Чакаю яго кожны год – для мяне гэта сустрэча з сябрамі. Люблю яго за тое, што тут збіраюцца найлепшыя аўтары. Сярод новых кніг я б адзначыла доўгачаканую “Стой” Яўгена Бясчаснага – сёння ў яго поўны аншлаг, і ён безумоўна гэтага заслугоўвае”, -- падзялілася ўражаннямі Наста.

Таццяна Сівец

Для многіх фестываль стаў сакральнай падзеяй, магчымасцю сустрэцца з даўнімі сябрамі, падзяліцца эмоцыямі і зліцца ў адно метафізічнае цэлае. У Таццяны Сівец з “Вершамі на асфальце” менавіта такія адносіны:

“Я ўжо не першы раз бяру ўдзел у фестывалі. Гэта і вялікая міжнародная акцыя, і проста сустрэча з людзьмі, якіх я не бачыла ўжо некалькі гадоў. І для мяне гэта момант узрушэння, яднання з людзьмі, якія дыхаюць тым жа паветрам, жывуць той жа ідэяй і адчуваюць той жа самы боль, які адчуваю я. Таму мне сёння было балюча разам з імі. Боль памнажаўся, але ж памнажалася і радасць. Радасць ад таго, што мы можам ствараць паэзію -- цудоўную іншую рэальнасць. І рабіць яе шчырай і светлай, як самі вершы”.

Тэкст: Алена Босава, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org