Новыя выданні ў "Кнігарні пісьменніка"

У кніжнай серыі "Кнігарня пісьменніка" з'явілася адразу некалькі навінак: ад Юрася Залозкі, Міхася Андрасюка, Дануты Бічэль і Галіны Багданавай.

Праўда як рэлігія / Юрась Залоска; Гутаркі з Васілём Быкавым. — Мінск: Медысонт, 2010. — 192 с.



Гэта гутаркі з народным пісьменнікам, датаваныя першай паловай 1990-х. Думкі аўтара і пісьменніка аб тым, што адбывалася навокал. Гэта пашыранае выданне кнігі «Дыялогі з Васілём Быкавым», што выходзіла пятнаццаць гадоў таму. Для чаго стваралася кніга? «Прычыны дзве: па-першае, інтэлектуалізм яго публіцыстыкі, асабліва часу перабудовы і, пазней, адраджэнскай; па-другое, прыцяжэнне самой яго асобы», — адзначае сп. Залоска, сёння — праваслаўны святар.

Вуліца добрай надзеі / Міхась Андрасюк; Апавяданні. — Мінск: Медысонт, 2010. — 304 с.




Зборнік апавяданняў беларускамоўнага пісьменніка з Польшчы Міхася Андрасюка. За сваю прозу аўтар сёлета быў адзначаны прэміяй «Залаты апостраф-2009», што ўручаецца часопісам «Дзеяслоў».

Мост Святога Францішка / Данута Бічэль; Успаміны. — Мінск: Медысонт, 2010. — 290 с.



Гэта працяг кнігі Дануты Бічэль «Хадзі на мой голас», што выйшла два гады таму. Аўтарка «апавядае пра людзей духоўна прыгожых, якія жылі для саміх сябе, для сваіх блізкіх і для Радзімы, — у тым сэнсе, як яны разумеюць паняцце Радзімы». Гэта асобы вядомыя, як Чэслаў Нёман, Зоська Верас, Кастусь Тарасаў, так і нязнаныя шырока, але блізкія для Дануты Бічэль, — муж, брат. Кнігу пісьменніца прысвяціла Ларысе Геніюш.

Сакрамэнта / Галіна (Галіна Багданава); Апавяданні, аповесці. — Мінск: Медысонт, 2010. — 192 с.


Аўтарка, вядомая дзіцячай паэзіяй і мастацтвазнаўчымі артыкуламі, на гэты раз выдала кнігу прозы.

nn.by