Някляеў атрымаў “Глінянага вялеса”

Беларускаму паэту і палітыку Уладзіміру Някляеву ўручылі літаратурную прэмію “Гліняны Вялес”. Цырымонія ўзнагароджання з удзелам беларускіх літаратараў і грамадскіх дзеячаў прайшла ў Мінску ў сядзібе беларускага ПЭН-цэнтра.
І хоць традыцыйна “Гліняны Вялес” уручаецца ў Полацку, такое
выключэнне з правілаў толькі ўмацоўвае саму традыцыю літаратурнай
прэміі, зазначыў яе заснавальнік, літаратар Алесь Аркуш.
— “Вялес” — адна з найстарэйшых літаратурных прэмій у Беларусі. Лаўрэаты
былі вядомыя ўжо ў сакавіку, але Някляеву мы ніяк не маглі ўручыць
прэмію, бо ён быў пад хатнім арыштам. І вось мы чакалі, што пасля судоў
атрымаецца правесці гэтую імпрэзу. Усё атрымалася файна, як мы і
меркавалі.
Прэмія “Гліняны Вялес”, якая штогод прысуджаецца за найлепшую кнігу
мастацкай літаратуры, была ўручаная Уладзіміру Някляеву за кнігу “Кон”.
На імпрэзе аўтар прачытаў некалькі вершаў і падзяліўся з прысутнымі
ўражаннямі ад атрымання прэміі.
Калі я дасягну сваіх палітычных мэтаў, то адразу ж сыду з палітыкі і вярнуся за пісьменніцкі стол, зазначыў Уладзімір Някляеў.
— Тое, што мае таварышы якраз не па палітыцы, але па паэзіі гэтым
“Вялесам” мяне адзначылі, шчыра скажу, мяне радуе. Літаратура была і
застаецца для мне тым, што называюць “сэнсам жыцця”. Па-за ёй я сябе не
ўяўляю і не адчуваю.
Але “Гліняны Вялес” для Уладзіміра Някляева не стаў адзінай узнагародай
на цырымоніі. Заснавальнік прэміі Алесь Аркуш уганараваў паэта ордэнам
Беларускай Народнай Рэспублікі за адвагу ў барацьбе за сапраўдную
Беларусь, які ўяўляе сабой копію існага ў БНР ордэна, замоўленага
адмыслова да імпрэзы. Пасля афіцыйнай часткі імпрэзы Уладзімір Някляеў
падарыў прысутным свае кнігі, падпісаўшы асобнікі для ўсіх ахвотных.