Няма рэальнасці па-за Словам: Ірына і Галіна Дубянецкія наведалі Школу маладога пісьменніка

Свет нябачны – гэта матрыца да свету бачнага

Доктар філасофіі і доктар сакральнай тэалогіі, магістр багаслоўя, арыенталістыкі, біблейскіх штудый Ірына Дубянецкая распавяла ў сваёй лекцыі пра разуменне сакральнага і прафаннага.

Ірына Дубянецкая

“У традыцыйнай карціне свету, ад самай старажытнай і да цяперашняга часу, прычым з вельмі рознай аргументацыяй свет успрымаецца чалавекам як кангламерат, суіснаванне бачнага і нябачнага, рэчыўнага і нематэрыяльнага (духоўнага, эмацыйнага). Усё жыццё мы пражываем нібыта ў двух вымярэннях, і заўсёды яны ёсць адначасова. Вымярэнне духоўнае працінае наскрозь усё матэрыяльнае, і немагчыма аддзяліць адно ад другога. Як толькі мы пачынаем думаць пра сябе як пра абсалютнае “я”, адразу пачынаем намацваць свет нябачны, свет іншы. Чалавецтва адчувае свет нябачны і спрабуе яго спасцігнуць. Прычым гэты свет дэтэрмінуе свет бачны, гэта аргументуецца нават фізікай”, -- тлумачыць спадарыня Ірына.

Увесь наш свет -- поліінфармацыйныя энергетычныя вібрацыі, поле, у якім няма нічога таго, на што мы маглі б указаць і сцвердзіць, што гэта матэрыя. У той ці іншай ступені людзі ва ўсе часы ведалі пра такую будову свету. Але канцэптуалізавалі сваё разуменне па-рознаму, і спробы датычыліся апісання ўзаемаадносінаў свету бачнага і нябачнага.

Глядзі так доўга і так уважліва, пакуль у гэтым свеце ты не пабачыш іншы свет. Слухай, пакуль іншы свет не звернецца да цябе. У Кнізе Сыходу ў Бібліі пра гэта ёсць гісторыя, калі Майсей, пасвячы сваю жывёлу, пабачыў куст, які гарэў і не згараў. І калі доўга сузіраў Майсей гэты куст, пачуў голас Божы. Пачатак веды – увага.

У сферу сакруму патрапляе ўсё, што фарміруе быццё па-за воляй і разуменнем чалавека. І часта можна пазначыць гэтую сферу як Боскасць. Яна можа распадацца на плойму розных вышэйшых свядомасцяў, яна не адзінкавая.

Лектарка падкрэсліла, што пра адносіны паміж сакральным і прафанным можна гаварыць вельмі доўга, бо сфера сакруму і трансцэндэнтная, і іманентная.

У раннім іудаізме Бог завецца “мако'н” (што перакладаецца са стараяўрэйскай як “месца”). Таму мы кажам, што Бог — абсалютны локус усяго. Сакрум працінае рэчыўны свет і наскрозь у гэтым свеце прысутны. А ўласна рэчыўны свет – маніфестацыя, праява інфармацыйнага поля, праява свету Боскага.

Самая старажытная канцэпцыя стварэння космасу з хаосу -- егіпецкая, у якой з бясконцага акіяну Нун узнікае самаствораны творца і пасля робіць усё.

Не менш развітай была шумерская цывілізацыя, якая мела 6 тысячаў бостваў. У Вавілоне было бостваў нашмат менш, але зямны свет яны лічылі адбіткам нябеснага свету. Яны былі выдатнымі астраномамі і матэматыкамі, і супольная лічба бостваў была 360.

“Велізарная колькасць язычніцкіх бостваў у любой міфалагічнай традыцыі тлумачыцца тым, што кожнае боства выконвала свае пэўныя функцыі, персаніфікавала нейкае паняцце або колькасць паняццяў, з’явы і феномены жыцця. Кожны аспект жыцця, кожная драбніца абагаўляецца”, -- адзначае спадарыня Ірына.

 

Стаўленне да сакральнага тэксту

Далей Ірына Дубянецкая звярнулася да Слова, якое адбівае разуменне сакральнасці ў свеце. Тэкст, перадаваны вусна, не мяняўся, калі ён сакралізаваны, да моманту ўзнікнення пісьменнасці. Стаўленне да такіх тэкстаў было надзвычай сур’ёзнае. Міф -- сістэма каардынат для чалавечай свядомасці, арыенцір для яго.

Біблія ўспрымаецца чалавецтвам як сакральны супертэкст, “пункт зборкі цывілізацыі”, дзіця старажытнага Блізкага Усходу. І хрысціянства, і іудаізм угрунтаваныя на сакральным тэксце, але ў гэтых рэлігіях рознае стаўленне да слова.

Калі хрысціянства прызнае інкарнацыю, уцелаўленне слова (згадайма грэчаскае “логас”), то ва іудаізме стараяўрэйскае “дава'р” азначае “слова” і “рэч” адначасова, і яны не падзяляюцца на дзве розныя з’явы. Таму слова характарызуе рэчаіснасць, апісвае і творыць яе. Першасная рэальнасць – лінгвістычная.

Цэнтральная з’ява рэлігіі – інтэрпрэтацыя. Інтэпрэтуючы самога сябе, чалавек стварае сябе нанова. Тора – гэта адно неперарыўнае, суцэльнае Боскае імя, якое чалавек некалі мусіць навучыцца чытаць. Біблія – прамаўленне быцця.

У працяг лекцыі спадарыня Ірына адказала на пытанні наведнікаў Школы адносна перакладаў сакральных тэкстаў на іншыя мовы і правільнага, першаснага ўспрыняцця іх чытачамі, прадстаўнікамі розных веравызнанняў.

 

Космас беларускай паэзіі

Напрыканцы свайго выступу спадарыня Ірына распавяла пра даследаванне сакральнага ў літаратуры, а таксама падзялілася сваім бачаннем космасу беларускага прыгожага пісьменства, у якім, на яе погляд, выбудоўваецца цікавая бінарная апазіцыя Янка Купала – Якуб Колас. Асобы як аднаго, так і другога класікаў, і тыя канцэпцыі свету, якія яны выкладаюць у сваіх творах, не заўсёды глыбока аналізуюцца і прачытваюцца намі. Лектарка заклікала адысці ад стандартаў школьнай праграмы і зазірнуць у глыбіню, у душу класічных тэкстаў.

Галіна Дубянецкая 

Майстар-клас паэткі і перакладчыцы Галіны Дубянецкай праходзіў у нязмушанай гутарцы і ідэйна стаўся працягам філасофскай лекцыі Ірыны. Большая частка сустрэчы была прысвечана чытанню вершаў са зборніка “Анадыямэна”, размовах пра мастацкі пераклад і паэзію. Спадарыня Галіна адказала на пытанні наведнікаў Школы, датычныя таямніцаў творчасці і спецыфікі паэтычнага майстэрства.

Тэкст: В.Т.

Фота: Алена Казлова 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"