Нямецкі славіст: беларуская мова няхутка будзе дамінантнай у Беларусі

Тэлеграф працягвае свой праект, распачаты 21 лютага да Міжнароднага Дня роднай мовы, удзельнікамі якога з'яўляюцца грамадзяне іншых краін, якія адмыслова і самастойна вывучылі беларускую мову. На гэты раз сваімі меркаваннямі пра беларускую мову падзеліцца Марк Бруггеманн (Mark Brüggemann), нямецкі журналіст і мовазнаўца, аспірант Інстытута славістыкі Альдэнбургскага універсітэта.

Telegraf.by: Чым вас зацікавіла беларуская мова? Чаму вы вырашылі яе вывучаць?

Бруггеманн: Беларуская мова зацікавіла мяне перадусім тым, што яна з'яўляецца адным з найлепшых сродкаў больш даведацца пра беларусаў як нацыю, іх самаідэнтыфікацыю і сувязі з суседнімі краінамі. Дыскусіі беларусаў адносна свае мовы закранаюць розныя галіны: гісторыю (калі ўзнікла беларуская мова?), культуру (ці толькі беларускамоўная літаратура сапраўды беларуская?), эканоміку (колькі каштуе беларускае двухмоўе? Ці варта плаціць такую цану?) і  і многія іншыя. Акрамя таго, калі я вырашыў вывучаць беларускую мову, я ўжо ведаў польскую і рускую, таму мне, так бы мовіць, не патрэбна было пачынаць усё з нуля.

Telegraf.by: Як вы ацэньваеце моўную сытуацыю ў Беларусі?

Бруггеманн: Згодна з канстытуцыяй,  беларуская мова мае ў Беларусі роўны статус з рускай. Аднак на самой справе ўладамі краіны вельмі мала робяцца для таго, каб таксама і яе рэальны статус быў аднолькавы з рускай мовай.

З іншага боку, ёсць, на мой погляд, і пэўная віна (наколькі паняцце віны тут можа быць дарэчным) нацыянальна арыентаваных колаў грамадства ў тым, што выкарыстанне беларускай мовы сёння менш папулярнае, чым яно магло б быць. Палемікі адносна культуры мовы, пагарда так званай трасянкай і наркамаўкай - усё гэта напэўна не дапамагло беларускай мове знайсці сабе новых прыхільнікаў. Трэба ісці людзям насустрач - у тым ліку і "несвядомым беларусам“.

Telegraf.by: Якой вы бачыце будучыню беларускай мовы?

Бруггеманн: Не лічу, што беларуская мова ў недалёкай будучыні будзе дамінантнай мовай у Беларусі, нават і ў выпадку радыкальнай змены палітычнага курсу ўладаў (што малаверагодна). Мне здаецца, што і сярод апазіцыі ідэя адзінай дзяржаўнай мовы (беларускай) робіцца ўсё меней папулярнай таму, што, магчыма, новая беларусізацыя зноў скончыцца пройгрышам, як і яе першая спроба пасля незалежнасці краіны ў пачатку 90-х гадоў.

З іншага боку, многія беларусы надаюць беларускай мове сімвалічную вартасць і функцыю захоўвання беларускай культуры, ставяцца адмоўна да ідэі рускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Але, вядома, не толькі ў Беларусі пераважная большасць бацькоў не вельмі заахвочаная адпраўляць сваіх дзяцей у школы, у якіх навучанне вядзецца на малаперспектыўнай мове. Таму: каб змяніць рэальную сітуацыю, у якой апынулася беларуская мова, трэба, перш за ўсё, стварыць перспектывы для беларускамоўных, напрыклад, заснаваць прэстыжныя беларускамоўныя ВНУ. Без такіх умоў беларускай мове можа пагражаць лёс, падобны да ірландскай, мовы, якую, паводле слоў аднаго навукоўца, "ірландцы любяць, але любяць мёртвую".

 

telegraf.by