Па старонках успамінаў

Аўтару, яркаму прадстаўніку пакалення шасцідзясятнікаў, сёлета магло б споўніцца 80... І як напамін пра яго асобу — новая кніга аповесцяў, апавяданняў, запісаў розных гадоў.

Доўгім быў шлях гэтага выдання да чытача. Укладальнікам зборніка прозы «Пад сузор'ем сярпа і молата» выступіў сам Барыс Сачанка. Кніга мусіла пабачыць свет яшчэ ў 1990-х, але, на жаль, аўтар так і не змог патрымаць яе ў руках... Тым не менш яе змест з адлегласці часу не стаў драбнейшым і менш значным, хутчэй наадварот — праз прызму гадоў ярчэй бачацца падзеі тых часоў, больш велічнай паўстае і сама постаць Барыса Сачанкі.

У новую кнігу класіка ўвайшлі розныя па жанры і змесце тэксты. Гэта і публіцыстычныя артыкулы, інтэрв'ю (дарэчы, ёсць тут і гутарка з Барысам Сачанкам, якая некалі друкавалася ў «Звяздзе»), аўтабіяграфічныя апавяданні і нататкі пад агульнай назвай «Восень у Парыжы», зробленыя ў той час, калі пісьменнік прадстаўляў Беларусь у ЮНЕСКА, дзе працаваў у Камісіі па культуры.

Крыху асобна стаіць аповесць «Засталіся толькі ўспаміны...», якую аўтар прысвяціў памяці сваёй маці Веры Сачанкі. Але мне падаецца, што менавіта гэты твор — цэнтральны, менавіта вакол яго гуртуюцца ўсе астатнія тэксты. Ён — ключ да разумення шляху пісьменніка, бо дзяцінства, ды і сама постаць маці, з'яўляецца скрыжаваннем, з якога пачынаюцца многія жыццёвыя шляхі-дарогі. Праз лёс простай жанчыны тут адлюстраваны лёс цэлага пакалення беларусаў. Жыццё ў вялікай вёсцы на Палессі, будаўніцтва ўласнай гаспадаркі, калектывізацыя з яе разбуральнымі наступствамі, Вялікая Айчынная вайна і праца ў Германіі, вяртанне на радзіму, дзе замест роднай хаты — толькі папялішча...

Зноў вёска, зноў вайна, зноў Чарнобыль, можа скрушна ўздыхнуць чытач. Так, але колькі жыцця, колькі настальгіі, смутку па маці ў гэтым аповедзе Барыса Сачанкі, колькі надзей на лепшае шчаслівае жыццё ў Вялікім Бары, што на Хойніччыне, колькі стараннай працы! Гэты твор зусім не нудны, ён чытаецца як сапраўдны блокбастар. На лёс простай беларускай сям'і, як і ўсяго пакалення, выпала столькі падзей, што нават уявіць складана. Пагрозы высылкі ў Сібір з-за адмовы ўдзельнічаць у калектывізацыі, рызыка смерці падчас вайны, цяжкая, амаль непасільная праца ў Германіі, вызваленне дзякуючы амерыканцам і зноў — «ганаровае» званне ворага і новыя пагрозы высылкі.

Тым не менш, насуперак усім нястачам, Барыс Сачанка здолеў развіць свой пісьменніцкі талент. Нягледзячы на перашкоды з боку «добразычліўцаў», ён, выхадзец з простай палескай вёскі, са шматдзетнай сям'і, хлопец, чый бацька нарыхтоўваў бяросту, змог паступіць ва ўніверсітэт у сталіцу, на аддзяленне журналістыкі. Пасля атрымання дыплома працаваў у часопісах «Вожык», «Полымя», стаў паважаным чалавекам і нават прадстаўляў краіну на міжнароднай арэне. Чым не «амерыканская мара» па-беларуску? Чым не доказ неверагоднай моцы духу і стараннасці ўсяго пакалення шасцідзясятнікаў? Бо прыклад Барыса Сачанкі — не адзіны ў беларускай літаратуры гэтага перыяду.

Сем'і, якія апынуліся на прымусовай працы ў Германіі і ў апошнія дні вайны былі вызваленыя амерыканцамі, атрымалі магчымасць не вяртацца на папялішчы родных хат, а паспрабаваць пабудаваць жыццё ў Новым Свеце — у Амерыцы. Нямногія скарысталіся гэтым шанцам, але на радзіме іх сталі лічыць здраднікамі і ворагамі. Лёс склаўся так, што менавіта Барыс Сачанка, чыё дзяцінства і юнацтва таксама было адзначана кляймом «быў у Германіі», стаў адным з першых журналістаў, даследчыкаў літаратуры, хто пачаў гучна казаць і пісаць пра здабыткі творцаў, якія жылі ў эміграцыі.

Думаецца, кніга Барыса Сачанкі зойме важнае месца на паліцах бібліятэк беларусаў. Для кагосьці яна адкрые новыя рысы ўжо знаёмай постаці творцы, а для некага стане першым крокам для доўгага сяброўства. Яно, безумоўна, будзе доўгім, бо гэты творца — настолькі таленавіты апавядальнік, што нельга не захапіцца яго майстэрствам.

Марына Весялуха, "Звязда"