Пабачыў свет паэтычны зборнік "Пялёсткі" 15-гадовай Насці Сідорка

Ва ўступным слове да кнігі дзяўчына распавядае, што першыя вершы напісала яшчэ трэцякласніцаю — па-беларуску, але “ўперамешку з рускімі словамі”. Сур’ёзна звярнулася да творчасці ў пятым класе дзякуючы настаўніцы Святлане Васільеўне Пятручык.
Дарэчы, што радуе ў аўтабіяграфіі Насці, дык гэта тое, з якой павагай і ўдзячнасцю маладая аўтарка піша пра сваіх старэйшых калег. Дзяўчына наведвае літаратурную студыю “Вестка”. Настаўнікам у літаратуры паэтка называе Алеся Канстанцінавіча Каско. Менавіта спадар Алесь, а таксама дырэктарка Жабінкаўскай раённай дзіцячай бібліятэкі Галіна Фёдараўна Хандрыка дапамаглі падрыхтаваць да выдання кнігу “Пялёсткі”.
“Арыентуецца Насця на класічную нацыянальную паэзію ў выбары матываў: мацярынства, прырода, міфалогія, гісторыя… Ды хіба яны калі-небудзь “састарэюць?”. І ўжо зусім без ніякіх агаворак трэба прызнаць, што вечнай застаецца аснова мастацкай красы — вобразнасць…” — адзначае ў прадмове да кнігі Алесь Каско.
Дастаткова прачытаць некалькі вершаваных радкоў з гэтай кнігі, каб пераканацца ў тым, што перад намі — сапраўдная паэзія.
Насця Сідорка
Нясвіжскі парк
Я блукаю па восеньскім парку.
Пад нагамі ўсё болей лісця.
Гэта клёнаў апалыя крылы
Старажытны цуд-парк залацяць.
Абсыпаюць сцяжынкі і лаўкі,
Камяні і азёрную даль.
Тут эпохаў былых адгалоскі,
Тут свае і пяшчота, і жаль.
Як жа шмат і легенд, і паданняў
Сведчаць тут аб сівой даўніне!
Вось і постаці статуй маўклівых
Таямніцы нашэптваюць мне…
***
Той час, што ў памяці гарыць
Святлом яскрава-залацістым,
Што смехам сонечным звініць,
Завецца цёпла так —
дзя-цін-ствам…
Сонечны шлях
Першы ранішні промень скаціўся з нябёс
І пабег па высокіх дамах.
Асвятліў непрытомны рачулкавы плёс,
Паляцеў па зялёных садах.
І траву ўскалыхнуў, і расквеціў асфальт,
Не заблытаўся ў парку старым, —
Заскакаў, заіскрыўся і кінуўся ўдаль,
Каб зрабіць сонны горад жывым.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"