На польскую мову кнігу пераклаў Чэслаў Сенюх. Выданне выйшла дзякуючы фінансавай дапамозе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
У камплект да кнігі ўваходзіць і дыск на беларускай мове, дзе запісана «Споведзь», якую чытае Народная артыстка Рэспублікі Беларусь Зінаіда Бандарэнка.
Асобнай кніжкай «Споведзь» Ларысы Геніюш на роднай мове свет пабачыла ў 1993 годзе. Захаваў тэкст, падрыхтаваў да друку, напісаў прадмову і каментар да першага выдання ўспамінаў нашай паэткі беларускі даследчык Міхась Чарняўскі.
Дакументальная аповесць «Споведзь» Ларысы Геніюш — гэта кніга яе ўспамінаў. Пачынаючы ад Жлобаўцаў, дзе нарадзілася паэтка, і завяршаючы раздзелам «Абезь». Цэнтральнае месца ва ўспамінах паэткі займаюць сталінскія лагеры, жыццё там, мароз і цяжкая праца.
У польскім выданні кнігі слова пра Ларысу Геніюш напісала польская даследчыца беларускай літаратуры Алена Глагоўская. Публікуюцца ў кнізе таксама фотаздымкі і дакументы, звязаныя з жыццём, творчасцю і дзейнасцю Ларысы Геніюш, яе мужа Янкі Геніюша, родных і блізкіх ім людзей. Некаторыя фотаздымкі надрукаваны ўпершыню.
Ларыса Геніюш і маленькі Юрка
Ларыса Геніюш на сваім падворку
Са збораў Адольфа Клімовіча, Крайні справа Янка Геніюш, 1920-я гады
Янка Геніюш (стаіць крайні справа) у Празе, 1924 г.