Пабачыла свет кніга «Зоська Верас. Я помню ўсё»

У кніжнай серыі «Гарадзенская Бібліятэка» выйшла кніга «Зоська Верас. Я помню ўсё». Гэта першае выданне творчай спадчыны Зоські Верас.

У кнізе друкуюцца ўспаміны Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай; 1892–1991), яе прыватная карэспандэнцыя, фотаздымкі. Упершыню апублікаваныя 367 лістоў, датаваныя 1967—1989 гг. Гэта — красамоўная гісторыя Беларусі і Гародні, перажытая пісьменніцай, мемуарысткай, публіцысткай, лексікографам, перакладчыцай, асветніцай і грамадскай дзеячкай. Лісты і ўспаміны сабраў, апрацаваў і ўклаў Міхась Скобла.

Першая прэзентацыя кнігі «Зоська Верас. Я помню ўсё» адбудзецца ў Гродне 23 сакавіка ў часе Гарадзенскай Дыктоўкі-2013. Пачатак а 12.00 (Будзёнага, 48а, зала ва ўнутраным дворыку).

Адмысловымі гасцямі прэзентацыі будуць: укладальнік кнігі Міхась Скобла, літаратар і крытык Анатоль Сідарэвіч, паэтка Данута Бічэль, краязнаўца Алесь Госцеў, прафесар Аляксей Пяткевіч, кіраўнік «Паходні» Мікола Таранда.

***

«Зоська Верас. Я помню ўсё» — гэта 21-я кніга кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка» — кніжнай серыі, заснаванай у 2006 годзе з мэтай дакументацыі і прасоўвання культурнага і гістарычнага даробку гарадзенцаў, а таксама папулярызацыі ведаў пра сярэднявечную, навачасную, міжваенную і паваенную гісторыю Гародні як істотнага элемента еўрапейскай спадчыны.

 

nn.by