Пабачыла свет паэтычная анталогія, прысвечаная Каліноўскаму

«Тварам ды шыбеніцы» — пад такой назвай днямі выйшла ў свет паэтычная анталoгія, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму. Сярод яе аўтараў Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш — агулам 55 паэтаў. Уклаў анталогію і напісаў да яе прадмову літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч — сённяшні госць праграмы "Вольная студыя" на "Свабодзе".

 

— Язэп, скажыце, калі ўзнікла ідэя анталогіі пад такой вымоўнай назвай «Тварам да шыбеніцы»?

— Яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Недзе ў 1988 годзе, калі ў Беларусі шырока адзначаліся 150-я ўгодкі правадыра паўстання. Памятаю, даводзілася мне дапамагаць мастаку Пятру Драчову складаць энцыклапедыю «Кастусь Каліноўскі» — дзіцячую (выйшла ў часопісе «Бярозка»). Было тое ў дакампутарную эру. З таго часу ў мяне застаўся стос машынапісных старонак з творамі Уладзіміра Караткевіча, Дануты Бічэль, Сержука Сокалава-Воюша, Алеся Чобата. Не хапіла тады часу і цярпення. Цяпер тую ж складальніцкую працу зрабіць было лягчэй. Балазе, існуе нават адмысловы сайт «Свіслацкія аркушы» з разнастайнымі тэкстамі, прысвечанымі Кастусю Каліноўскаму (заснавальнік — Зміцер Кузьменка). Варта згадаць і зборнік «Жыві ў свабодзе: кніга пра Каліноўскага», складзены Сяргеем Панізнікам (1996 год; праўда, там вобраз Каліноўскага пададзены пераважна ў прозе). Наогул, калі табе пераваліла за пяцьдзясят, самы час дарабляць недаробленае. Анталогія «Тварам да шыбеніцы» — адна з маіх даўніх задумак. Таму не магу не цешыцца, што яна рэалізавалася.

— Што ў анталогіі будзе для чытача неспадзеўным?

— Найперш, відаць, шматмоўнасць выдання. Тое, што пад адной вокладкай Каліноўскі загучыць па-польску, па-ўкраінску, па-ангельску. Пакуль што толькі ягоныя «Лісты з-пад шыбеніцы». Перакладзены Каліноўскі дазволіць іншаземцам зразумець памкненні сучаснай Беларусі, якая ідзе па шляху, накрэсленым маладым прарокам-апосталам, што дзейнічаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя і гэтак рана скончыў сваё жыццё. І пабачыць, наколькі актуальны ён нават цяпер, у ХХІ стагоддзі. Неспадзяванымі будуць і некаторыя творы. Скажам, верш Ларысы Геніюш, падказаны мне даследнікамі ейнай творчасці, быў зняты мною з дыску «Пасланне сябрам» (запісы Валянціны Трыгубовіч). А таксама вершы, адмыслова напісаныя для анталогіі народным паэтам Рыгорам Барадуліным і Алесем Чобатам.

— У анталогіі змешчаныя творы 55 аўтараў. Якім паўстае Кастусь Каліноўскі ў іх творах?

— Як і належыць — непахісным, трывалым барацьбітом за людское і народнае права. Айчынныя паэты маюць надзіва светлы погляд на аднаго з пачынальнікаў нашага нацыянальнага адраджэння. У Наталлі Арсенневай Каліноўскі паўстае змагаром, што «аддаў жыцьцё, каб жыць магла Радзіма»; у Дануты Бічэль — апосталам, за якім «вясны дыханьне» і наш абуджаны народ; у Ніла Гілевіча — «чэсьці й гонару узорам»; ва Уладзіміра Караткевіча — пaкутнікам, сынам «той зямлі, што несла крыж пакуты»; у Віктара Стрыжака правадыр паўстання — Гарыбальдзі нашага краю… Згодна са слушным выказваннем Генадзя Кісялёва, які склаў падрабязны летапіс жыцця Каліноўскага, ён — «адзін з самых любімых нацыянальных герояў беларускага народа». На жаль, у нас неяк зарана пачалі забываць зробленае гэтым даследнікам — найлепшым у Еўропе знаўцам Калінаўскіяны. Калі ў навуковых артыкулах сустракаю пасажы: «Вялікі ўнёсак у каліноўсказнаўства зрабілі Вячаслаў Шалькевіч, Генадзь Кісялёў, Анатоль Смірноў», мне выяўна бачыцца неадэкватнасць пераліку, бо на першым месцы, бясспрэчна, павінна стаяць прозвішча Кісялёва. Добра, калі нехта імкнецца адшукаць новае пра Каліноўскага, але — памятайма пра папярэднікаў!

— Ад якога часу Каліноўскі стаў героем літаратуры? Калі распачалася, скажам так, яго літаратурная гераізацыя? Вось жа, існуе меркаванне, што культ ягоны ствараўся пад дыктоўку савецкай улады, якой быў патрэбен змагар з царызмам.

— Гераізацыя правадыра паўстання распачалася адначасова з самім паўстаннем. Калі спяваліся песні касінераў, напісаныя тагачаснымі паэтамі. Імя аднаго з іх — Фелікс Ражанскі, які так і не ўведзены ў аналы гісторыі нашай літаратуры. Яшчэ студэнтам на старонках часопіса «Тыгоднік ілюстраваны» мною была адшуканая «Паўстанцкая песня», запісаная на Пружаншчыне альбо Ваўкавышчыне:

Гэй жа, хлопцы, досыць спаць!
Пара косы прыбіраць!
Косы, косы і сякеры —
бараніці сваю веру.
Пара!
Вы за печкаю на полу,
мы — у лесе зямлю голу
прытулілі б, як пярынку,
каб заснуці хоць гадзінку.
Пара!

Нагадаю таксама, што яшчэ ў 1867–1871 гадах Агатон Гiлер выдаў у Парыжы чатыры тамы сваёй «Гiсторыi паўстання» i ў дадатку да першага тома (1867) надрукаваў «Лісты з-пад шыбеніцы» з наступным каментаром-характарыстыкай Каліноўскага:

«Паўстаньне ў Літве было падрыхтаванае ў нямногіх пунктах, сярод якіх Беласток займаў першараднае месца. Тут абсталявалі патаемную беларускую друкарню, у якой друкаваліся такія газэты для народа, як „Апавяданьні Янкі — гаспадара з-пад Вільні“ (па-беларуску), i шмат беларускiх адозваў, якiя моладзь разносiла па правiнцыi, чытала па хатах i корчмах. Дух свабоды рос у беларускiх сялянах, i патрэбны быў толькi час, каб вырас да гатоўнасьцi самастойна выступіць. Гэтая патаемная друкарня была першай беларускай друкарняй, а тайныя газэты — першымi пэрыядычнымi выданьнямi беларускай лiтаратуры. Рэдактарам гэтых газэтаў быў Канстанцiн Калiноўскi — адзiн з самых высакародных мужоў Лiтвы, чалавек, поўны самаахвярнасьцi, высакароднасьцi, розуму i энэргii».

​​Што да дыктовак… Хіба Міхась Машара сваю паэму «Сьмерць Кастуся Каліноўскага» ў 1934 годзе ў Заходняй Беларусі пісаў пад дыктоўку савецкай улады?

Паўстаньне згашана, зламана,
надзея згублена ізноў.
Па Краі ўсім крывавяць раны
пад дзікі рогат казакоў.
І трупаў, трупаў — Божа слаўны!
Хто не расстрэлены — вісіць,
хто не павешаны — сасланы
або за кратамі сядзіць.

 

— Пяцьдзясят пяць гадоў таму ў Свіслачы на Гарадзеншчыне быў усталяваны ці не адзіны ў Беларусі помнік Каліноўскаму, што лагічна: будучы кіраўнік паўстання вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Але прайшоў час і за нейкіх сто метраў ад Каліноўскага паўстаў помнік… Сталіну. Так яны і сёння там стаяць — Каліноўскі і Сталін. Што вам за гэтым бачыцца?

— Тое, што на беларускай зямлі ставяць помнікі катам нашага народа. Яшчэ не хапае, каб пачалі ставіць помнікі расейскім царам ды іхным памагатым. Такім, як крывавы Мураўёў-вешальнік, якога названы вамі псеўданавуковец гатовы назваць дабрадзеем нашай зямлі, які эканамічна дапамог спарадчыць разбураную гаспадарку забранага Краю. Беларусь толькі тады стане па-сапраўднаму незалежнай, калі на нашай зямлі паўстануць помнікі нацыянальным геніям — ад Скарыны да Караткевіча, калі будуць пазначаныя бронзавымі барэльефамі мясціны, адкуль паходзяць продкі Дастаеўскага, Цыялкоўскага, Шастаковіча, калі ў кожным мястэчку будуць вуліцы Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Людвіка Нарбута і Рамуальда Траўгута.

— Той жа прыгаданы ўжо рэдактар часопіса «Беларуская думка» Гігін наконт «Мужыцкай праўды» выказаўся адназначна (цытую ў арыгінале): «Этот боевой листок не делает чести ни нашей литературе, ни публицистике». А як бы вы ацанілі ўплыў публіцыстыкі Каліноўскага на беларускі нацыянальны рух?

— Паўтараю — дыскутаваць не бачу сэнсу. Перачытайце Каліноўскага: «Як дзень з ноччу ня ходзяць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая зь няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі як скацінай варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу». Публiцыстыку Кастуся Каліноўскага як ідэолага нацыянальнага адраджэння і сёння цытуюць нямала. Прыгадаем хоць бы дэвіз, пад якім выходзіла газета «Рэспубліка»: «Не народ для ўраду, а ўрад для народа». Гэта ўласцiвасць класічнай спадчыны — служыць народу, пайсці ў народ. У творах сённяшнiх публiцыстаў пульсуюць незабыўныя iнтанацыi аўтара «Мужыцкай праўды» i «Лістоў з-пад шыбенiцы». Яны вельмі цікава прачытваюцца ў кантэксце анталогіі «Тварам да шыбеніцы».

— Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў 1838 годзе. Тэарэтычна ён мог дажыць да новай хвалі нацыянальнага адраджэння. Ці магчыма ўявіць яго, скажам, на 1-м Усебеларускім кангрэсе ў 1917 годзе ў Мінску, які быў разагнаны бальшавікамі?

— Калі б сотні паплечнікаў Каліноўскага не былі забітыя і павешаныя, а тысячы ягоных касінераў не пайшлі на катаргу ў Сібір, — паверце, наш народ прычакаў бы вызвалення з-пад расейскага царызму раней. Магчыма, у 1917 годзе, як гэта адбылося з фінамі. Каліноўскі мне бачыцца ў ганаровым прэзідыуме Усебеларускага кангрэсу поруч з постаццю першага айчыннага акадэміка Яўхіма Карскага, які без паўстанцкіх атрадаў і вайсковых дывізій сам-адзін узнавіў на мапах межы праўдзівай Беларусі. Думаю, што Кастусь і ягоныя каліноўцы ніякім чынам не дазволілі б п’яным расейскім матросам разагнаць кангрэс, які фактычна не меў ніякай абароны.

— І апошняе пытанне. Яшчэ летась было абвешчана аб стварэнні грамадскага аргкамітэта па адзначэнні ўгодкаў паўстання Каліноўскага. У яго праграме значыцца і выданне кніг, і мастацкія пленэры, і нават рэканструкцыя баявых дзеянняў паўстанцаў. Ці дапамог аргкамітэт у вашай канкрэтнай справе — выданні анталогіі «Тварам да шыбеніцы»?

— Не. Хоць ягонае з'яўленне ўсяляла вялікую веру, паколькі тры абраныя сустаршыні аргкамітэта — Янка Запруднік, Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Някляеў — вядомыя ў грамадстве асобы. Усяго ж, як паведамлялася, «у аргкамітэт увайшлі каля 30 выбітных асобаў: гісторыкі, мастакі, журналісты, грамадскія дзеячы». Зазначу толькі, што ад Янкі Запрудніка я ласкава атрымаў тэксты Кастуся Каліноўскага ў перакладзе на ангельскую мову, зробленыя ім разам з Томасам Бэрдам. Зрэшты, юбілейны год толькі распачаўся… Тыдзень таму я браў удзел у навуковай канферэнцыі ў Беластоку, дзе сабраліся студэнты з усёй Польшчы. Нягледзячы на заяўленую тэму, пра Каліноўскага там гутаркі не было. І я зразумеў: калі мы на радзіме не падымем голас пра яго — дык хто? Пытанне рытарычнае. Нам самім стане сорамна перад нашчадкамі, што вось быў выдатны юбілей і нагода адсвяткаваць памятныя дні змагання і згадаць пра змагароў, а што мы зрабілі?!

 

Міхась Скобла, svaboda.org