Пачалося народнае онлайн-галасаванне за фіналістаў «Вялікай кнігі»
«Усе творы публікуюцца з дазволу праваўладальнікаў і даступныя бясплатна для чытання як са стацыянарных кампутараў, так і на экранах мабільных тэлефонаў з дапамогай прыкладання Bookmate», — удакладняецца на сайце прэміі.
Галасаванне праводзіцца пры дапамозе плагіна сацсеткі Facebook — чытач ставіць «лайк» твору, які спадабаўся . Тры пераможцы гэтага галасавання будуць вызначаны па колькасці «лайкаў». Лаўрэаты народнага галасавання будуць названыя ў лістападзе на выніковай цырымоніі «Вялікай кнігі» ў Доме Пашкова ў Маскве. Акрамя таго, чытацкі сэрвіс ReadRate.com падорыць усім фіналістам прэміі электронныя кнігі.
«У «Вялікай кнігі», мне здаецца, ёсць, апроч зразумелай задачы падтрымаць пісьменнікаў і літаратуру, іншая важная мэта: вярнуць цікавасць да чытання, — лічыць член Літаратурнай акадэміі прэміі, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі інтэрнэт-выдаўцоў Уладзімір Харытонаў. — І перш за ўсё ў таго пакалення, для якога «чытаць» азначае «чытаць фрэндстужку». І дамагчыся гэтага можна, па сутнасці, толькі адным спосабам — даць магчымасць чытаць кнігі так, як гэтаму пакаленню зараз зручна: у інтэрнэце, са смартфона або з айпада».
Нагадаем, у 2014 годзе на «Вялікую кнігу» прэтэндуюць дзевяць твораў: «Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч, «Завод Свабода» Ксеніі Букшы, «Ільгет» Аляксандра Грыгарэнкі, «Параход ў Аргенціну» Аляксея Макушынскага, «Прыстанак» Захара Прылепіна, «Воля вольная» Віктара Рэмізава, «Тэлурыя» Уладзіміра Сарокіна, «Пераклад з падрадкоўніка» Яўгена Чыжова, «Вяртанне ў Егіпет» Уладзіміра Шарова.
газета "Звязда"