Пачаўся продаж рамана “Мова” Віктара Марціновіча

Чацвёрты раман Марціновіча “Мова”, выдадзены пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, пачалі абмяркоўваць задоўга да выхаду — як толькі з’явілася інфармацыя, што кніга будзе а) беларускамоўнай, а руская версія — пераклад; б) раман называецца “Мова”; в) па словах самога Марціновіча, гэта самы сур’ёзны твор, які ён напісаў у жыцці.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich/tarantino-by-2014-martinovich-mova-9866.jpg

Натоўп у “логвінаве” толькі большае, аўтара пакуль не бачна, а чытачы, якія прыйшлі падпісаць кнігу, разважаюць: “Так, да паліцы з кнігамі я відавочна не дабяруся, можа, купіць у іншым месцы, але як тады падпісаць?” Далёка не ўсе разумеюць, што прыйшлі менавіта на аўтограф-сесію — рэдкая ў нашай краіне падзея, калі аўтар проста падпісвае кнігу, а не зачытвае з яе ўрыўкі пры падтрымцы калегаў па цэху.

Сам Марціновіч незаўважна праціскваецца праз натоўп.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich/tarantino-by-2014-martinovich-mova-9636.jpg

“Мы прывыклі, што беларуская літаратура — як ролевая гульня, — кажа спадар Віктар. — Нам трэба зразумець, што наша літаратура — гэта сур’ёзна.  І я заклікаю вас пачаць ставіцца да нашай літаратуры як да рускай ці замежнай. Што да маёй кнігі, то менавіта “Мова” — самае сур’ёзнае з таго, што я пісаў, і, магчыма, самае складанае”.

Пасля невялікай прамовы Марціновіч пачынае падпісваць кнігі. “Абмяркуем раман пазней, праз тыдзень-другі, на прэзентацыі, — папярэдзіў пісьменнік. — Бо на сёння тэкст бачылі адзінкі, а па прачытанні да мяне ўзнікне шмат пытанняў”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich/tarantino-by-2014-martinovich-mova-9616.jpg

Усё ж такі гэта нязвыкла. “А ён там кажа што-небудзь ці толькі падпісвае?” — размаўляюць чытачы ля ўвахода. —  “Не магу сказаць, яго ўсё адно не бачна”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/martinovich/tarantino-by-2014-martinovich-mova-9883.jpg

 

ГЛЯДЗІЦЕ БОЛЕЙ ФОТА НА BUDZMA.BY

Юрась Ускоў

Фота – Аляксандр Ждановіч