Пачаўся збор подпісаў за новы праект ахоўнай зоны Курапатаў

Прадстаўнік ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы патлумачыў, чаму важна пакінуць у ахоўнай зоне прылеглыя да месцаў пахаваньняў тэрыторыі:
«Праект дае мажлівасьць Курапатам існаваць і захавацца як мэмарыялу. Любая будаўнічая дзейнасьць па пэрымэтры пагражае мэмарыяльнаму месцу экалягічна, у тым ліку гідралягічна. Важна каб захаваліся ляндшафт, старадаўнія дарогі і краявідныя пункты. „Навошта вам тэрыторыя дарогі сьмерці?“ — пытаюцца чыноўнікі. — Яны жывуць у іншых вымярэньнях».
Чаму зварот да Міністэрства культуры? «Бо яно адказвае, каардынуе кантралюе ўсе захады ў справе захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны», — тлумачыць Марат Гаравы.
Палітык Вінцук Вячорка падкрэсьліў, чаму важна як мага хутчэй пачаць шырокі зварот грамадзкасьці да Міністэрства культуры: «Бо дзяржаўныя структуры скідаюць адказнасьць адзін на аднаго. Трэба прадухіліць ведамасны «футбол».
Зьміцер Дашкевіч, лідэр абаронцаў Курапатаў, заявіў:
«Мажліва, Шорац (старшыня Менгарвыканкаму. — РС) будзе шукаць іншых забудоўнікаў, у кожным выпадку нам усім разам — сотням чалавек —атрымалася вывесьці тэму на агульнанацыянальны ўзровень абмеркаваньня».
Як толькі Зьміцер Дашкевіч выйшаў зь сядзібы БНФ, яго затрымалі людзі ў штацкім.
Сярод першых падпісантаў:
Барыс Пятровіч, Саюз беларускіх пісьменьнікаўАндрэй Бастунец, Беларуская асацыяцыя журналістаўЗьміцер Дашкевіч, «Малады Фронт»Марат Гаравы, «Экспэрты ў абарону Курапатаў»Павал Севярынец, БХДВалянціна Вяргей, археолягЛеанід Акаловіч, сьвятарАляксей Янукевіч, старшыня партыіВацлаў Арэшка, культуролягІгар Марачкін, суполка мастакоў «Пагоня»Вінцук Вячорка, грамадзкі дзеячЗінаіда Тарасевіч, нарадзілася ў ГУЛАГУ, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Аляксей Янукевіч запрашае ў сядзібу партыі БНФ ставіць подпіс. Ад 13 сакавіка можна будзе браць копію ліста і самастойна адпраўляць на адрас Міністэрства культуры. Альбо спампаваць на сайце партыі БНФ.