Падзел Беларусі 1921 г. у паэтычным асэнсаванні Янкі Купалы

На сайце dziejaslou.by дасяжныя нумары часопіса "Дзеяслоў" да №58!

***

18 сакавіка 1921 г. бальшавіцкая Расія і панская Польшча падпісалі мірны дагавор, падзяліўшы Беларусь на часткі. Сучасны беларускі гісторык Р. Лазько зазначыў, што на працягу 70 гадоў гісторыкі, якія пісалі аб польска-савецкай вайне, былі няздольныя выказаць смелую думку, “што на мірных перагаворах у Рызе, якімі завяршылася польска-савецкая вайна 1919-1920 гг., Беларусь была падзелена аднолькава чужымі ёй суседнімі дзяржавамі. Заўважым, што тэма падзелу Беларусі “чужаніцамі” была самай гучнай у беларускай грамадзянскай паэзіі 1920-х гг. Аднак з канца таго дзесяцігоддзя пісаць аб падзеле стала небяспечна як для паэтаў, так і для навукоўцаў. На працягу дзясяткаў гадоў пасля гэтага гісторыкі гаварылі выключна аб захопе Заходняй Беларусі “буржуазна-памешчыцкай” Польшчай”1. Са свайго боку адзначым, што ў агульных рысах Р. Лазько мае рацыю. Але тэма савецка-польскага па­дзелу ў беларускай паэзіі – шырокая, шматслойная, шматаблічная – застаецца па-ранейшаму слаба даследаванай, нягледзячы на багацце, разнастайнасць і неадназначнасць матэрыялаў. Нават пазіцыя Янкі Купалы дасканала не вывучаная, хаця, як паказала даследаванне, тэма падзелу Беларусі ў паэзіі Прарока мае глыбокі генэзіс і неардынарнае развіццё.
Найбольш канцэптуальна да раскрыцця гэтай тэмы падышоў у сваіх даследаваннях Ант. Адамовіч. Аднак і ў яго навуковых працах яна фігуруе толькі фрагментамі, і тыя фрагменты не складзеныя ў цэласную работу пра адносіны беларускіх паэтаў да падзелу Беларусі ў 1921 г. Да таго ж, эмігранцкі крытык з прычыны, па-першае, недаступнасці многіх неабходных матэрыялаў, а па-другое, тэндэнцыйнасці і суб’ектыўнасці, абумоўленых нянавісцю да бальшавізму, нярэдка рабіў перакосы ў інтэрпрэтацыі сацыяльна-палітычных аспектаў ці дадумваў іх на ўзроўні гіпотэзаў, не заўсёды цвёрда абгрунтаваных. Некаторыя роздумы пра вершаваныя рэфлексіі беларускіх паэтаў на тэму падзелу краіны знаходзім таксама ў працах Н. Гілевіча, А. Каўкі, У. Гніламёдава. Звяртала ўвагу на гэты аспект у паэтычнай творчасці сацыялагізатарская крытыка 1930-х гг. Для аўтара гэтых радкоў азначаная тэма аказалася больш маштабнай, чым спярша ўяўлялася (саміх вершаў па тэме ў Янкі Купалы пры ўважлівым вывучэнні аказалася значна больш). 

Прадчуванні паэта да пачатку Першай сусветнай вайны: Прарок

У беларускай літаратуры Янку Купалу небеспадстаўна называюць нацыянальным Прарокам. Абапіраючыся на вопыт гістарычнага развіцця беларускага народа, ён яшчэ да Першай сусветнай вайны, якая надала імклівасці нацыянальным рухам, у прадчуванні, што чакае яго няспелую нацыю, выказваўся – пэўна, ёмка і часам жорстка:

Рынкам жывога тавару няслава 
Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой, 
Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава 
Торг гругановы вядуць між сабой. 
(“Над Нёманам”, 1911) [Т. 3, с.14] 2 

Просім папросту: кіньце нас мучыць,
Ляхі, маскалі! 
(«Папросту», 1912) [Т. 3, с.64]

Годзе заходняй ці ўсходняй культуры! 
Для беларуса цана ім адна, 
Усе вы, панове, аднакай натуры: 
З сэрца чужога кроў ссалі б да дна. 

Вашу карысць нам і вашы паслугі 
Добра ўжо скеміў таптаны народ; 
Добра вядомы і путы, і пугі, 
Песціў якімі ваш Захад і Ўсход. 
(“Годзе...”, 1912) [Т. 3, с.82]

“Агульна кажучы, праблема “Усходу і “Захаду” – пастаянны і адзін з вядучых матываў гісторыка-філасофскай рэфлексіі, мастацкай фантазіі паэта, прыкметная тыпалагічная рыса Купалавай адраджэнцкай легенды, Купалавага вызваленчага нацыяналізму, што пасля доўгіх гадоў маны і знявагі, праз уз’юшаны супраціў далакопаў беларушчыны ўсё ж зноў прамаўляе да слыху і сумлення беларускага чалавека. З гледзішча той жа самай праблемы асэнсоўваецца ім гістарычны, пераважна драматычны шлях краіны, абумоўлены ў многім яе прамежкавым геацывілізацыйным становішчам, канкрэтна — паміж “праваслаўнай” Расіяй і “каталіцкай” Польшчай, у проціборстве і ўзаемадзеянні з якімі Беларусь на працягу стагоддзяў мусіла бараніць сваю этнакультурную індывідуальнасць, уласнае права на суб’ектна дзейсную ролю ў гістарычным працэсе”, – піша А. Каўка3. Прычым той факт, што паэт уздымае тэму каланізацыі сваёй айчыны напярэдадні бурхлівых часоў, калі тая каланізацыя ўзмацніцца, яскрава сведчыць менавіта пра прароцкасць генія. Самыя першыя гады яго ліра наконт “захаду і ўсходу” маўчала. Пракідаліся толькі не заўсёды празрыстыя намёкі накшталт:

Адны ў шар курганы –
Сведкі бітваў – стаяць;
Косці к ім груганы
Прылятаюць збіраць.
(“Над сваёй Айчызнай”, 28.08.1906) [Т. 1, с.90]

Хіба ўпершыню ліра Янкі Купалы загаварыла пра дзяльбу Беларусі ў вершы “Беларушчына” (1908), але пакуль без называння “пайшчыкаў”:

Сотні лет, непрыяцелем-братам прыбітая…
<…>
І круцілі цябе, як каму падабалася,
Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад…
<…>
І дзялілі цябе, ўсімі мерамі мерылі… [Т. 2, с.34]

Але ўжо ў 1911 г. з’яўляюцца “людзі з Усходу” і “з Захаду людзі” – яшчэ без ацэначнай канатацыі (“Як спытаюцца нас”) [Т. 3, с.46].
Спакваля тэма не толькі эвалюцыянавала, але і канкрэтней акрэслілася (нават вобразы тых жа груганоў сталі больш контурнымі, іх інтэнцыйная функцыянальнасць больш рацыянальная, а сімвалізм больш чытэльным): 1) паэт загаварыў непасрэдна пра падзел, 2) назваў “хаўруснікаў” дзеі:

Спрачаліся доўга,
Як край наш раскрасці,
Дый спеліся ўрэшце:
Парваць на дзве часці.

Адна часць Варшаве
Лізаць ногі будзе,
Маскве хай другая
Нясе свае грудзі.

Забыліся толькі,
Хаўруснікі ночы,
Спытаць беларуса,
Чым сам ён быць хоча? 
(“Хаўруснікам”, 19.10.1913) [Т. 3, с.177]

Як бачна, Янка Купала тут надзвычай дакладна прадказаў галоўныя моманты савецка-польскага падзелу Беларусі. 
У іншых вершах дзеля экспрэсіі паэт не грэбуе і грубымі найменнямі заходняга і ўсходняга суседзяў (у дадатак назавём “прыблуднікаў” – верш “Не для вас…” (1911 – 1912), “непрыяцеля-брата” – “Беларушчына” (1908), “чужынцаў” – “Казка аб песні” (1913)):

Раз абсеклі Беларуса
Маскалі ды Ляхі
І давай яму сваяцтва
Тыкаці пад пахі:
- Ты мой ісціны браточак! –
Маскалёк бармоча;
- Ты мой хрэснік, мой сыночак! –
Юда-Лях сакоча. 
(“Сваякі”, 1914) [Т. 3, с.219]

Сярод раз’юшаных сатрапаў,
Паганы зладзіўшы хаўрус,
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларус.
<…>
Над пакаленнем неакрэпшым,
Над бедным краем-сіратой
Груган з начніцаю сляпою
Банкет спраўляюць чорны свой. 
(“Сярод раз’юшаных сатрапаў…”, 10.06.1914) [Т. 3, с.208]

А. Каўка кажа пра “дзёрзкі, не пазбаўлены пэўнага эпатажу паэтычны выклік сумежным краінам Беларусі”, які “паўстае ў якасці своеасаблівага мастацкага сінтэзу адносна ролі “Захаду” і “Усходу”, а дакладней — фактычных наступстваў панавання ў краі іншаземшчыны, пры якім сістэма культурнага ўзаемадзеяння падмяняецца і падмінаецца сістэмай ушчамлення і выцяснення культуры карэннай, беларускай, палітыкай асіміляцыйнага абалваньвання абарыгенаў” . Канечне, Янка Купала абапіраўся на досвед стасункаў беларусаў і названых суседзяў. Але працытаваныя апошнімі яго радкі нездарма прагучалі менавіта ў 1914 г. – годзе, што прынёс вайну, якая разварушыла нават малыя народы, зрабіла значнымі нават палітычна субтыльныя і неаформленыя нацыі: неўзабаве абодва суседы ледзь не паўтарылі следам за беларускім класікам словы пра сваяцтва, прычым менавіта ў прадказаным Прарокам рэчышчы. Так, Я. Пілсудскі 22 красавіка 1919 г. выступіў са зваротам “Да жыхароў былога Вялікага Літоўскага княства”, у якім гаварылася: “Польскае войска, якое я прывёў з сабою, каб знішчыць панаванне гвалту і здзеку, каб скасаваць кіраўніцтва краінай супроць волі народу, – войска нясе Вам усім свабоду і волю. Хачу даць магчымасць вырашыць Вам нацыянальныя, унутраныя і рэлігійныя справы так, як пажадаеце самі, без якога-небудзь гвалту або прымусу з боку Польшчы”5. А бальшавікі, не справіўшыся з планаванай задачай паглынуць, нівеляваць беларускі рух, вымушаны былі прызнаць яго, пагадзіўшыся з прыдуманай самімі ж расіянамі тэзай пра іх старшабрацкасць стасоўна беларусаў і ўкраінцаў.
У некаторых вершах Янкі Купалы пераважае вобразнасць, таму і суседзі ў вачах паэта не ўпершыню паўстаюць сімвалічна змрочнымі птушкамі:

Адзін з захаду груган,
А другі з усходу
Прыляцелі на сяло,
На чужую шкоду. 
(“Груганы”, 1914) [Т. 3, с.220]6 

А. Каўка прыводзіць прыклад, як Янка Купала спалучаў у палеміцы з «ворагамі беларушчыны» мастацкі вобраз і дакладна адраснае слова публіцыста, указваючы на паказальны ў гэтых адносінах артыкул «А ўсё ж такі мы жывём», змешчаны ў «Нашай Ніве» 10 ліпеня 1914 г.: «І вось між гэтымі двума «культурнымі» народамі ідзе ганебны торг – над няшчасным, абняволеным беларусам. Забываюцца і братняя міласьць, і суседская згода, і роўная воля. (...) Душылі палякі, сягоньня душаць і польскія, і расейскія нацыяналісты, ведучы між сабой нікчэмны спор за славянскую душу беларуса, але ўсё гэта мела і будзе мець свой канец. <…> Не будзе нам страшны гэты пaганы над намі торг нашых нязваных і насланых апекуноў»7.
Варта пагадзіцца з А. Каўкам, што галоўная рыса Купалавай адметнасці ў многім застаецца для нас загадкай: “Маючы прад усім на ўвеце празарлівасьць Купалавай думкі, сэнсавую невычэрпнасьць яго мастацкіх вобразаў, палемічна-публіцыстычных роздумаў. Ва ўмовах дасьпяваньня нацыянальнае ідэі беларусаў, канчатковага ўтрываленьня іхняе дзяржавы, не пазбаўленых валюнтарыстычнага глуму на гэтым адвечным шляху, Купалава слова гучыць вельмі надзённа. У ім ня толькі паказаныя пэўныя беларускія рэаліі з прамінулага, але і прадказаны многія горкія парадоксы ў нацыянальна-грамадзянскім узмужненьні народу”8.
Пасіянарная прароцкасць Янкі Купалы адносна скорага падзелу яго роднай краіны паміж адвечнымі супернікамі на яе зямлі праявілася яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны, а праз некалькі гадоў пачала пацвярджацца. 

“Ці доўга будзе нам заломам Варшава панская і царская Масква”

Першая сусветнай вайна прыйшла на Беларусь толькі праз год пасля пачатку – летам 1915 г. Лінія фронту падзяліла “Северо-западный край”, прырэзаўшы яго заходнюю частку нямецкім акупантам. Апошнія, аднак, не сталі аб’ектам такой пільнай паэтычнай увагі беларускіх творцаў, як спрадвечныя суседзі з усходу і захаду. А тым часам, да Янкі Купалы ў распрацоўцы азначанай намі тэмы далучыўся яшчэ шэраг паэтаў: Змітрок Бядуля, Якуб Колас, Казімір Сваяк, І. Дварчанін і інш., каму ўслед за прарокам таксама адкрылася блізкая перспектыва падзелу роднай краіны.
Тым не менш трэба канстатаваць, што без голасу Янкі Купалы тэма падзелу, раздзірання беларускай зямлі гучала б у паэтычным хоры слабей. Чарговая ваенная хваля, якая пракацілася па Беларусі ў выглядзе ўжо непасрэдна савецка-польскага супрацьстаяння, натуральным чынам каталізавала ў публіцыстычнай паэзіі і тэму падзелу беларускай зямлі больш моцнымі суседзямі. У авангардзе стаяў ізноў-такі Янка Купала, які нібыта выйшаў з зацягнутага самнамбулічнага стану. Па-ранейшаму трохі апераджаючы падзеі, калі савецка-польскае змаганне на Беларусі яшчэ не набыло вастрыні, але і нямецкая акупацыя падыходзіла да завяршэння, а БНР так і не здолела замацавацца, ён піша:

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь свежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часці, на кускі.
<…>
Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе! 
(“Свайму народу”, 29.10.1918) [Т. 4, с.30]

У вершы – увесь Купала: “уваскрашае мінуўшчыну” свайго народа, і “выказвае цяпершчыну”, акрэслівае межы Бацькаўшчыны і падкрэс­­­лівае яе гонар, абуджаючы яго ў калектыўнай памяці, урэшце палымяна заклікае свой народ “строіць” “для будучыны шчасце”, “каб пут не строіў больш сусед” [Т. 4, с.29-31].
Канечне, аднаго такога закліку, нягледзячы на яго сілу, было замала для абуджэння. Таму паэт не спыняецца: амаль кожны верш таго кароткага часавага прамежку так ці інакш паглыбляе і пашырае вызначаную ідэйна-тэматычную парадыгму, у рамках якой праблема падзелу, раздзірання беларускай зямлі і супрацьстаяння гэтай нацыянальнай трагедыі гучыць як адна з канцэптуальнейшых, атрымліваючы розныя сэнсавыя і пачуццёвыя інтэпрэтацыі:

Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам
І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам
Варшава панская і царская Масква.
(“Наша гаспадарка”, 1918) [Т. 4, с.35]
Ідзеш у край, які бязбожна
Жыўцом парэзалі на часці,
А брат проць брата стаў варожна
І памагае край раскрасці.
(Новы год, 1919) [Т. 4, с.76]

Савецкая сацыялагізатарская крытыка ў пазнейшыя часы таксама заўважыла, што «матыў “парэзанай бацькаўшчыны” паўтараецца і ў вершах “На сход”, і ў некаторых іншых. <…> Паэт і на гэтым этапе, як і ў сваіх старых вершах, выступае супроць “чужынцаў” наогул, не аддзяляючы ворагаў працоўных масс Беларусі ад іх саюзнікаў. “Чужынцы суседзі” наогул, без дыферэнцыяцыі – вось хто, па ўяўленні паэта, вораг беларускага народа, яны збіраюць мёд з яго вулляў, яны “запрэглі” яго ў няволю. Паэт упарта не хоча прызнаць, што царская Масква ў выніку Кастрычніцкай рэволюцыі адышла ў мінулае, што пролетарская совецкая Масква нічога агульнага не мае з царскай Масквой. Ён… у сваіх вершах імкнецца паказаць, што ў Расіі і ў выніку соцыялістычнай рэвалюцыі нічога не змянілася, што засталася царская Масква – прыгнятальнік і душыцель нацыянальнасцей»9.
У сваіх паэтычных творах Купала таксама кажа пра чужака, які “ў нашым краі пануе” (“На нашым…”, 1919), чужынца (“Беларускія сыны”, 1919), разбойнага чужаніцу (“Свайму народу”, 1918), ворагаў (“Габруся ў жаўнерку ўзялі…”, 1919), чужых бадзяк (“Паўстань…”, 1919), суседа паганага (“Як цені…, 1918), паганцаў, суседзяў, якія “нябожна паганьбілі нас” (“На біблейныя матывы”, 1920), груганоў, якія “тваіх там продкаў косці рвуць” (“На сход!”, 1918) [Т. 4, с.67, 58, 30, 82, 66, 49, 91, 31] і г.д. – бадай, ніхто і блізка з паэтаў тагачасся не даваў столькі пеяратыўных найменняў усходняму і заходняму суседзям Беларусі, як Янка Купала (гл. таксама вышэй). У якасці прамежкавага падагульнення тэмы паэт публікуе цыкл сваіх вершаў пад загалоўкам “Забраны край” (у часопісе “Чырвоны шлях” (№7-8 1918 г.), які выдаваўся ў Петраградзе Беларускім аддзелам Камісарыята па справах нацыянальнасцей)10.
Разумеючы, што якраз надышоў той час, які ім прадказваўся гадоў колькі таму, паэт спрабуе прадухіліць драматычную падзею раз’яднання народа і пачынае выступаць у публіцыстычным жанры, даступным успрыманню больш шырокаму колу паспалітага люда. Каб не адхіляцца ад лініі аналізу паэтычных твораў, прывядзём толькі найбольш яскравы ўрывак Купалавай публіцыстыкі, датаваны 1919-м годам, калі да падзелу Беларусі заставалася не так і мала часу, каб настолькі тонка прадбачыць гэтую падзею: “Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак – Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці. 
Для адбудавання вялікай Польшчы “ад мора да мора” трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь. 
Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наагул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаваў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і звання” (“Незалежнасць”) [Т. 8, с.76].
Болем непапраўнай страты занатавалася ў Купалавым сэрцы старонка БНР, двухгадовую гадавіну абвяшчэння незалежнасці якой паэт сустракае вершам з паказальнай назвай – “25.ІІІ.1918 – 25.ІІІ.1920. Гадаўшчына-памінкі”. Прычына – усё тая ж:

За катам кат на нашы гоні
Прыходзіў, грабіў, зністажаў…
<…>
Край разрываны ўвесь на часці –
Народ аграблены яго… [Т. 4, с.78]

«Становішча працоўных мас Беларусі на совецкіх землях ён (Янка Купала – А. Т.) паказвае такім-жа, як і на землях, акупаваных белапалякамі. І яго жалобная канстатацыя факта, што замест “незалежнасці” – “падняволле”, не вядзе паэта да разрыву з прадажнымі халуямі польскага імперыялізма – беларускімі нацыяналістамі, да вызвалення ад фальшывай, хімернай ідэі Бенеероўскай “незалежнасці”»11, – напісаў у сваім артыкуле-інвектыве сацыялагізатар Л. Бэндэ – і меў рацыю. Сучасны даследчык У. Гніламёдаў блізкай думкі: паэт “асуджае і савецкую, і польскую акупацыю, не шкадуючы фарбаў для праўдзівага паказу карціны нацыянальнай трагедыі”12. І. Навуменка заўважае, што і пераклад “Слова аб палку Ігаравым”13 (спачатку празаічны, а затым і паэтычны) Янка Купала стварае “у цяжкую часіну, калі беларускую зямлю рвалі на кавалкі розныя захопнікі і акупанты”14.
А. Каўка прыходзіць да высновы, што сутнасць і пафас Купалавай думкі ў яе мастацка-вобразнай праяве зводзіцца да наступнага: “Успрыманне “Усходу” і “Захаду”, вузей – суседніх Расеі і Польшчы дэтэрмінавана характарам і наступствамі іх уздзеяння на жыццёвыя лёсы Беларусі і Беларушчыны, уздзеяння ў агульным і гістарычным балансе адмоўнага, з неаблічальнымі стратамі для беларускага нацыянальнага будаўніцтва”15
Ант. Адамовіч, правёўшы аналіз на досыць шырокім матэрыяле, сцвярджае, “што ўся беларуская літаратура 1919 – 1920 гадоў – пасьлядоўнае выражэньне нацыянальнай апазыцыі чужому панаваньню, апазыцыі, што кіравалася цьвёрда засвоеным усім беларускім рухам прынцыпам нацыянальнай незалежнасьці Беларусі. Дзякуючы гэтаму прынцыпу канкрэтныя формы чужога панаваньня мелі ўжо толькі другараднае значэньне. У выніку гэтага апазыцыя аказалася скіраванай ня толькі супраць бальшавізму – такой яна была спачатку – і ня толькі супраць польскай акупацыі – такой яна аказалася неўзабаве ў сваёй беспасярэдняй скіраванасьці, – а супраць усялякага чужога панаваньня над Беларусьсю наагул”16
Прадухіліць незайздросны кон беларускі народ не меў сілы. Магутны творчы патэнцыял (перадусім Янкі Купалы), скіраваны супраць драблення Бацькаўшчыны, супраць яе непрыяцеляў, не стаў лёсавызначальным. Эманацыі паэтычнага духу не адбылося.

Сацыяльна-палітычны кантэкст пасля падзелу

18 сакавіка 1921 г. у Рызе бальшавіцкая Расія і панская Польшча “закадыфікавалі” тое, што фактычна ўжо адбывалася дзесяцігоддзямі, калі не сказаць стагоддзямі, а ў Першую сусветную толькі напалілася: яны замацавалі дамовай падзел Беларусі.
Такі марадзёрскі ўчынак выклікаў абурэнне стасоўна абедзвюх дзяржаў у беларускіх паэтаў. Многія сказалі сваё слова пра той трагічны момант нашай гісторыі. У іх вершах асуджаюцца абедзве драпежніцкія дзяржавы. Аднак за савецкім часам беларускі народ вучылі, што гэта Польшча вінаватая ў падзеле Беларусі, якую нібыта хацела абараніць Савецкая Расія. Ніхто не аналізаваў, чаму ж паэты апошнюю таксама асудзілі. Больш за тое, такія творы траплялі пад забарону. Між тым, цяжка сказаць, хто з “пайшчыкаў” выглядаў больш ці менш сімпатычна або больш ці менш пеяратыўна. І калі на гэты конт пра ІІ Рэч Паспалітую наша гістарыяграфія назапасіла шмат матэрыялаў, то роля Савецкай Расіі ў беларускім дыскурсе дагэтуль выкрываецца ў адзінкавых публікацыях17. Хаця паэты з першых дзён падзелу Беларусі голасна выказалі свой пратэст і канкрэтызавалі вобраз абодвух, кажучы па-купалаўску, “хаўруснікаў”.

Далі шэсць паветаў.
Дзякуй і за гэта!18 – 

рэзюмаваў Купала…


Анатоль Трафімчык

Чытаць цалкам у "Дзеяслове" № 57