Паэт беларускі і нямецкі

Кажуць, у сухаземнагорнай краіне Швейцарыі выйшаў твор пад загалоўкам «So, mehr Meer» («Так, болей мора»).
Як бачым, у перакладзе на нашу мову губляецца «цымус» — гульня гукаў.
На гульні гукаў трымаецца і ўвесь верш, з якога швейцарская пісьменіцца ўзяла ў якасці загалоўка толькі адзін радок. Верш называецца «Sommer». Вось яго поўны тэкст:
-
So, mehr Sonne
So, mehr Meer
So, mehr Immer
So, mehr Sehr.
Калі не памыляюся, гэты верш, як і некалькі дзясяткаў іншых, будзе змешчаны ў зборніку «Der Mond denkt, die Sonne sinnt» («Месяц думае, Сонца асэнсоўвае»), які неўзабаве выйдзе ў выдавецтве «Логвінаў». Гэткі нямецкі зборнік будзе ў аўтара ўжо трэці. Раней выйшлі яго кніжкі «Hannoversche Punktierungen» («Гановерскія пункціры») і «Wortdichte», назву якога можна перакласці і як «Словавершы», і як «Словатворы», і нават як «Словапрыдумкі».
Думаецца, новы зборнік з цікавасцю будзе сустрэты тымі, хто чытае па-нямецку, як у Беларусі, так і за межамі нашае краіны. А тым часам у мяне на рабочым стале ляжыць, сказаць бы так, дзесяцікніжжа паэта — дзесяць зборнікаў, пісаных па-беларуску і выдадзеных таксама панам Ігарам Логвінавым.
Адну з гэтых кніжак я рэцэнзаваў на радыё «Свабода», творы з некаторых іншых — ужо даўнавата — у часопісе «Маладосць». Дый як адрэцэнзаваць дзесяць зборнікаў адразу? Тут хутчэй, узяўшы прыклад з Анатоля Івашчанкі ці з Івана Штэйнера, трэба сядаць і пісаць манаграфію. Або дысертацыю, як гэта робяць іншыя даследчыкі. Адны пішуць пра слова ў творах паэта, іншыя пра гукапіс... І мне аднойчы давялося паспачуваць: бедны паэце, твае творы разбіраюць на цытаты, лексемы і фанемы, а хутка разбяруць і на марфемы. І што застанецца ад твораў, ад паэзіі?
Вось і мне аднойчы хацелася напісаць пра эсхаталогію паэта. І на сустрэчы ў клубе грэка-каталіцкай інтэлігенцыі я цытаваў твор «Лясная дарога», у якім апошнія радкі гучаць гэтак:
-
Зыбаецца воз па пяску, ляскоча воз па карэнні,
Хведарка Барадаты махае лейцамі і паганяе каня...
Цесна пасеўшы, усім хаўрусам едзем па даўняй лясной — па людской!.. — дарозе, едзем на страшны суд.
Прачытаў я гэты твор, а малады бацюшка, айцец Андрэй Буйніч, і кажа мне: дык жа на гэтую тэму маецца магістарская дысертацыя, я вам яе дашлю па электроннай пошце. І праўда, маецца дысертацыя, і абараніў яе ў Люблінскім каталіцкім універсітэце таксама малады святар — айцец Андрэй Сідаровіч.
Але вось чаго не ведаюць ні Анатоль Івашчанка, Іван Штэйнер, ні а. Андрэй Сідаровіч — гэта таго, як паэт выпрабоўваў на мне квантэмы. Выпрабаванне адбылося ў тым самым годзе, калі квантэмы ўпершыню з’явіліся на старонках «Маладосці». З вуліцы Харужай, дзе жыў тады паэт, мы пайшлі прымаць сонечныя ванны (а папросту кажучы — загараць) на блізкае Камсамольскае возера. І там паэта выдаў:
-
надзея навырост
парожні поўдзень
распроставецца
жоўты
дзьмухавец
Я, натуральна, кінуўся лічыць радкі і склады: ці не танка гэта? А раз не танка, дык што гэта такое, як яго назваць? І паэта ўразіў мяне тэрмінам з фізікі — квантэма.
Твор запомніўся. Асабліва словамі «распростваецца жоўты дзьмухавец», бо непадалёк ад нас хлопец мілаваўся з дзеўчынай, і ў яго, пэўна, нештачка распроствалася. А калі без хуліганства, дык з таго дня запомнілася яшчэ адна квантэма:
-
я адымаецца,
шчыльнеюць рыштаванні
чысты час
І калі праз нейкі час Іван Пташнікаў, разгарнуўшы перада мною ў лімаўскай бібліятэцы часопіс «Маладосць», спытаўся: «Як вам?», я ўразіў пісьменніка адказам:
— А, квантэмы!.. Ды я іх ужо даўнавата чытаў.
З’яўленне квантэмаў супала з тым перыядам у жыцці паэта, калі ягоныя кучары пачалі выпадаць і калі ён узяў ды пастрыгся пад нуль. І тут ягоны калега ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» Генадзь Шупенька адразу ж прыдумаў творцу новага жанру мянушку — Квантамас.
Ну вось, занесла мяне. Плынь свядомасці, няйначай. Згадкі пра здарэнні і прыгоды пакіньма на потым, лепш адзначма, што паэт прыдумаў яшчэ версэты, пункціры, вершасказы, зномы ды злёсы, і вернемся да яго дзесяцікніжжа.
Рыхтуючы дзесяцікніжжа, якое выйшла цягам 2005–2011 гг., паэт згрупаваў свае творы па жанрах. І гэтак з’явіліся: «Кніга ўзнаўленняў», у якой новаю паэтычнаю моваю пераказаны творы старабеларускіх аўтараў ад святога Кірылы Тураўскага да Льва Сапегі; кніга версэтаў «Лясная дарога»; кніга паэмаў «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць»; кніга пункціраў «Дождж: возера ў акупунктуры»; кніга вершасказаў «Пчала пачала паломнічаць» і кніга зномаў «Сума немагчымасцяў». Гэтыя зборнікі выйшлі серыйна, бо на іх вокладках маецца «фірмовы» знак — ужо знакамітыя яйкаквадраты, якія паэт прыдумаў разам з мастаком Віктарам Маркаўцом.
Тут не магу ўстрымацца, каб зноў не кінуцца ва ўспаміны. Калі выйшла кніга паэмаў, я звярнуў увагу, што ў ёй няма «Паэмы выслоўяў». Гэты твор паэт чытаў мне ў двары магазіна «Мэбля» на Валгаградскай вуліцы ў чаканні, калі будзе пагружаная шафа, якую трэба было завезці ў кватэру на вуліцы Харужай. На той час (брэжнеўшчына) паэму, бадай, нельга было апублікаваць. І не толькі таму, што ў ёй быў «хуліганскі» рэфрэн — цытата з Уладзіміра Маякоўскага: «Марыя дай!» Я спытаў у паэта: дзе паэма? Ён доўга перабіраў свае паперы, але твор не знайшоў. Вось і гэтак бывае.
Або і такое трэба напісаць: паэт быў і ёсць вельмі зацікаўлены творчасцю Вяліміра Хлебнікава. Помніцца, што ў 1970-я ён быў у ліку арганізатараў вечарыны, прысвечанай гэтаму арыгінальнаму творцу. І зараз помніцца, што вершы Хлебнікава добра чыталі Мікалай Кірычэнка з Купалаўскага тэатра і Валерый Шушкевіч — з Расейскага.
Пішу гэта таму, што сярод чатырох несерыйных кніжак (аформленых, што праўда, таксама з Віктарам Маркаўцом) маецца томік «З Вяліміра Хлебнікава». Як у «Кнізе ўзнаўленняў», так і ў гэтым зборніку не трэба шукаць перакладаў. Гэта хутчэй творы на зададзеную тэму. Таму паралельна з беларускім тэкстам друкуецца расійскі арыгінал.
Зборнік «З Вяліміра Хлебнікава» стаў перадапошнім, дзявятым у дзесяцікніжжы. Яму ж папярэднічаюць яшчэ адна кніжка пункціраў — «Воплескі даланёю адною» — і зборнік «З апокрыфа ў канон: Гутаркі, выступленні, нататкі», бо вядома, што паэт не толькі творыць, але і асэнсоўвае творчасць — сваю і «чужую». Квантэмы, пра якія я тутака пісаў, а таксама злёсы змешчаныя ў апошнім, дзясятым зборніку дзесяцікніжжа «І потым нанава пачаць».
Тут жа — гэта трохі парадокс — надрукаваныя і вершы з ягонае самае першае кніжкі. Пішу «трохі парадокс», бо вядома, што ўсё наступнае мае пачатак і зводзіцца да яго.
І ўсё ж, як выяўляецца, творчы даробак паэта не абмяжоўваецца дзесяццю беларускімі кніжкамі. Чакаем ягоны адзінаццаты зборнік — на нямецкай.
Я наўмысна аніразу не назваў імя паэта. Дасведчаны чытач з першых радкоў здагадаўся, пры чые творы і творчасць вяду я гаворку. Недасведчанаму чытачу паведамляю: пра творы, творчасць і кніжкі Алеся Разанава, паэта беларускага і нямецкага. Былі ж у нас паэты беларускапольскія, беларускарасійскія. Чаму ж не быць беларусканямецкаму? Але пры ўсім пры тым Алесь Разанаў, як і ягоныя выдатныя папярэднікі, застаецца найперш беларускім паэтам. Але пра тое — у чым беларускасць гэтае знакавае асобы — трэба пісаць асобны твор. Ці дысертацыю. Пра тое — упэўнены — абавязкова будзе напісана.
Анатоль Сідарэвіч, nn.by