“Паэт будуе сам сябе, як храм” — памяць Рыгора Барадуліна ўшанавалі ў Мінску

Айцец Яўген Усошын узначаліў літургію

“Дарагія Браты і Сёстры!

Шаноўныя сябры!

Сорак дзён таму адышоў у вечнасць выдатны Сын Беларускага Народу — народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Успамінаем яго сёння ў ягонай парафіі ў Мінску.

Міласэрнаму Госпаду даручаем у малітве душу нашага брата Рыгора ды дзякуем за каштоўныя плады ягонага творчага таленту.

У парафіяльным душпастырскім цэнтры Праведнага Язэпа ў Мінску вітаем усіх, хто захацеў удзельнічаць у гэты вечар у духовым успаміне Рыгора Барадуліна, усіх, каму дарагія ягонае імя ды ягоная творчасць.

Вітаем усіх вернікаў розных канфесій, вітаем пісьменнікаў ды вучоных, вітаем усю творчую інтэлігенцыю ды людзей працы. Вітаем сям’ю, родных, сяброў. — гаворыцца ў Слове Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека) на памінальную службу за спачылага Рыгора Барадуліна. —

Перад Госпадам хочам у гэты вечар яшчэ раз асэнсаваць духоўную спадчыну Рыгора ды сведчанне ягонага жыцця.

Хочам прыняць гэтую спадчыну як запавет, у якім ён вучыць усіх людзей добрай волі любові да Бога, да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры.

У мінулыя тыдні постаць і творчасць Рыгора шматлікія людзі добрай волі ўзгадвалі ў розных мясцінах Беларусі ды ў замежжы, пачынаючы ад Таліна ў Эстоніі, праз Рым, Балонію, Брусель, Антверпан…

У мінулы аўторак я меў магчымасць маліцца за супакой душы спачылага слугі Божага Рыгора на магіле блаславёнага Папы Яна Паўла ІІ-га, якога Рыгор меў шчасце сустрэць.

Сёння і ў бліжайшыя дні гэты малітоўны ўспамін у розных месцах Еўропы працягваецца, таму  я не магу быць з вамі асабіста ў гэты вечар.

Браты і Сёстры, Сябры! Мы стаім напярэдадні Вялікага Тыдня і Пасхі Хрыстовай.

У пасхальную ноч у Чырвоным Касцёле грэка-каталіцкія парафіяльныя супольнасці г. Мінска яшчэ раз узгадаюць спачылага Рыгора ды заспяваюць яму: “Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў…”

Хай святло Уваскрасення Хрыстовага напоўніць нашыя сэрцы нязломнай надзеяй”, — адзначаецца ў Слове.

Гучыць песня на верш Рыгора Барадуліна. Злева: Барыс Пятровіч, айцец Яўген Усошын

Перад пачаткам вечара духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна было зачытана Слова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на развітанне з Рыгорам Барадуліным, якое ўпершыню прагучала на Імшы 4 сакавіка: “Глыбокае і тонкае мастацтва Рыгора Барадуліна — гэта голас маўклівай душы беларускага народа. У ім паэзія і духоўнасць яднаюцца ў моцных абдымках. Таму нерухомае маўчанне ягонага нежывога цела можна ўспрымаць як апошні жэст творчасці гэтага хрысціяніна і паэта.”

Уверсе: Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, глядацкая зала; унізе злева направа: Валянціна Аксак, Алесь Пашкевіч, Мікола Савіцкі.

— Сёння тут сабраліся людзі невыпадковыя, тыя, хто блізка ведалі Барадуліна, сустракаліся з ім, і, безумоўна, любяць і ведаюць яго вершы. Бадай, ніхто з сучасных беларускіх літаратараў так часта не звяртаўся да Слова Божага, так шмат не пісаў духоўнай паэзіі, як Рыгор Іванавіч. Вядома, выйшла 12 кніг, якія маюць назву “Ксты”, неўзабаве будзе трынаццатая кніга. Вельмі шкада, што мы так і не змаглі давесці свету значнасць нашага паэта. Вельмі шкада, што мы не займелі ў асобе Рыгора Іванавіча Барадуліна свайго Нобелеўскага лаўрэата. Аднак сёння мы маем магчымасць згадаць светлую памяць Рыгора, пачытаць ягоныя вершы, — адзначыў Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч і падзякаваў усім тым, каму дарагое імя і творчасць Рыгора Іванавіча і хто прыйшоў на службу ў парафіі, якую стала наведваў паэт.

Цягам вечара ў выкананні спадара Барыса, які стаў вядучым сустрэчы, гучалі духоўныя вершы Барадуліна.

— Рыгор Іванавіч быў увасабленнем беларускай душы, беларускага характару, імкнуўся да Бога і да Волі. Такім ён застанецца ў нашай памяці і ў гісторыі нашай літаратуры, — сказаў пісьменнік Уладзімір Арлоў і прачытаў улюбёны ім яшчэ з юнацтва верш Барадуліна “Матылёк”, а таксама твор “Полацкі менталітэт”.

Падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Рыгора Іванавіча пісьменнікі Валянціна Аксак, Валер Дубоўскі, Алесь Пашкевіч, прафесар Мікола Савіцкі. Выступіў і прысутны на вечары мецэнат Павел Бераговіч.

Уладзімір Някляеў распавёў пра кнігу апошніх вершаў Рыгора Барадуліна “У неба пехатою”, якая выйшла да саракавінаў паэта дзякуючы спрыянню Паўла Бераговіча, а таксама Глеба Лабадзенкі і Сяргея Шапрана, маладзейшых калег і сяброў Рыгора Іванавіча. Спадар Уладзімір прачытаў прадмову, якую напісаў да гэтай кнігі. “Паэт будуе сам сябе, як храм” — такія словы Барадуліна сталі лейтматывам творчасці дзядзькі Рыгора і адначасна — запаветам наступным пакаленням.

Вечар завяршыўся памінальнай куццёй.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"