Паэтычнае свята ў гонар Анатоля Сыса адбылося ў Гарошкаве

Свята паэзіі «Дух – гэта, людзі, я!» стыхійна ўтварылася восем гадоў таму, пасля смерці геніяльнага паэта. Памяць аб ім пачалі ўшаноўваць сябры-літаратары і сёстры Анатоля.

Сяржук Сыс на магіле Анатоля Сыса

Спачатку збіраліся пад крыжам, усталяваным на магіле, дзе потым паўстаў помнік у форме крыжа з салаўіным гняздом каля скроні.

У мінулым годзе гомельская моладзь выткала ручнік для Анатоля, якім і ўпрыгожылі салаўінае гняздо. «Памірай, а жыта сей! Рунь пра сейбіта раскажа», – выбілі радкі на помніку.

Звыкла на панадворку хаты, дзе жыў Цішка (вясковая мянушка паэта) найбольш гучаць два словы «Сыс» і «Холадна!». У тым годзе паэтаў і бардаў нават снегам пазамятала.

Максім Клімковіч

З-за таго холаду ў літаратараў час ад часу ўзнікаюць думкі перанесці свята ў нейкае памяшканне. Але маленькая хацінка Цішкі наўрад ці змесціць усіх жадаючых дакрануцца да высокага слова.

А з «афіцыйнымі» памяшканнямі – цяжкавата. Здаецца, дамовіліся сябры СБП наконт выступаў сёлета ў Бронненскай школе (дзе вучыўся Сыс), ды нешта адміністрацыя навучальнай установы перадумала.

«Дзве-тры гадзіны выстаяць-выслухаць вершы-успаміны могуць толькі сапраўдныя аматары паэзіі. Тут збіраюцца вынослівыя людзі. Гэй, трактар- «Беларус!» Не заглушыць табе беларускую паэзію!», – жартаўліва прыгразіў трактару, які раз-пораз праносіўся паўз хату, паэт і крытык Міхась Скобла.

Андрэй Мельнікаў

Літаратары разважалі – на якую дату перанесці свята, каб не мерзнуць? На дзень смерці ў траўні? На 2 чэрвеня – калі ў раённай газеце быў надрукаваны першы верш паэта?

Алесь Пашкевіч. Фота У. Сцебуракі

Пакуль жа вырашана ўсё-такі адзначаць дзень народзінаў святам паэзіі ў кастрычніку. Праўда, Алесь Пашкевіч падзяліўся, што ў наступным годзе, магчыма, усё-такі пройдуць паэтычныя чытанні ў роднай школе Анатоля.

Барыс Пятровіч. Фота У. Сцебуракі

Таксама ўзнікла дыскусія – ці варта выдаваць усё, што напісаў Анатоль? «Ён вельмі строга ставіўся да сваёй творчасці, і не друкаваў усё, што напісаў. Пасля смерці яго сястра знайшла дзве тэчкі з творамі, якія Анатоль не хацеў друкаваць пры жыцці. Гэта рэч этычная – ці варта друкаваць усё?», – разважаў Барыс Пятровіч.

Міхась Скобла казаў, што Анатоль Сыс, можа, і не вельмі шмат напісаў, але ён не запляміў сваю творчасць пустапарожнімі вершамі.

Іван Штэйнер. Фота У. Сцебуракі

Загадчык кафедры беларускай літаратуры ГДУ ім. Ф.Скарыны, прафесар Іван Штэйнер падрыхтаваў новае эсэ пра творчасць свайго былога студэнта.

«Ніколі б мы не падумалі, што звычайны наш студэнт будзе вялікім паэтам. Праўда, ён заўсёды выдзяляўся сярод іншых сваёй няўрымслівасцю. Хоць Анатоль і казаў, што «Я вучыўся ў гомельскім універмагу», але ён захоўваў патэтыку ў адносінах да ўніверсітэту, выкладчыкаў. Пра нашу кафедру ён казаў, што «Каб вас не было, дык і мяне б не было».

У эсэ я па-новаму спрабаваў разгледзець творчасць, спадчыну Сыса на фоне як беларускай, так і славянскай, еўрапейскай паэзіі. Мы толькі падступаем да даследавання яго спадчыны. Новае пакаленне будзе прыходзіць, перачытваць, а паэзія Сыса жыве – і будзе жыць», – падкрэсліў загадчык кафедры.

Вальжына Цярэшчанка

Новае пакаленне – дзеці паэтаў, таксама прысутнічалі на свяце, і нават чыталі вершы. Так, на імпрэзе адзначыліся дэкламацыяй дачка Сяржука Сыса і Галіны Дубянецкай Станіслава і сын Ларысы Раманавай Ціхан.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч узгадваў, як 25 гадоў таму, у 1988 годзе Анатоль Сыс быў адным з арганізатараў «Дзядоў», і першы агучыў спіс рэпрэсаваных беларускіх літаратараў. «Заўсёды беларускія літаратары вызначаліся актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Так было ў дваццатыя гады, так і ў васьмідзесятыя, калі паўставала адраджэнне. Беларушчына пайшла, можна так сказаць, з Гомеля. Менавіта тут жылі і працавалі ў 80-х Анатоль і Сяржук Сыс, Алесь Бяляцкі, Таццяна Сапач, Сяргей Дубавец», – дадаў старшыня СБП.

Усевалад Сцебурака

Вершамі ўзгадалі слыннага паэта Алесь Пашкевіч, Сяржук Сыс, Генадзь Лапацін, Ларыса Раманава, Усевалад Сцебурака, Аксана Данільчык. Песнямі ўшанавалі яго Зміцер Бартосік і Андрусь Мельнікаў.

Бард Вальжына Цярэшчанка паклала на музыку верш «Безназоўнае» Анатоля Сыса. Песня была прадстаўлена ў Гарошкаве ўпершыню.

Склалася традыцыя ахвяраваць свае новыя кнігі «хаце Сыса». Так калекцыя папоўнілася «Выбраным» Івана Штэйнера, кнігай пра абрад «Свяча» Генадзя Лапаціна і апошнім нумарам «Дзеяслова» з артыкулам Алеся Бяляцкага пра «Дзяды-88».

Фота У. Сцебуракі

Кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў перадалі і настаўнікам Бронненскай школы.

Сталічныя паэты пасля афіцыйнай часткі адразу рванулі ў Менск. Гомельскія ж літаратары і прыхільнікі засталіся на нейкі час на панадворку, каб абмеркаваць былое і думы. У верандзе хаты Анатоля Сыса самотна сядзелі яго землякі, якія слухалі ў запісе з мінулагодняга свята паэзіі песню «Сяброў» «Жар-птушка» у выкананні Зміцера Бартосіка. Колькі разоў вяскоўцы нанава ставілі «Павуцінка ўверсе, павуцінка ў верасе, Павуцінка ў тваіх і у маіх валасах».

Пад вечар разыйшліся і вяскоўцы. Засталася ў хаце адна Тамара Ціханаўна, сястра паэта.

***

Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка ў Гарошкаве. Скончыў ГДУ ім.Ф.Скарыны. Друкаваўся ў 1974 года. Выдаў зборнікі паэзіі «Агмень», «Пан Лес», «Сыс». Зборнік «Лён» выйшаў з друку пасмяротна. Памёр у траўні 2005 года.

«Беларусь мая, мая магіла, з бел-чырвона-белага радна.
Ці кашулю мне на смерць пашыла?
Беларусь мая, мая магіла.
Ты ж адна ў мяне, як ёсць адна».

Юлія Шымкевіч

nn.by