Паэтычная восень у Бярозе

Выступае Валянціна Восіпава

Падчас мерапрыемстваў паэткі чыталі свае вершы, праводзілі гістарычныя тэсты на сапраўднага беларуса, ладзілі конкурсы на лепшае пытанне, правяралі на валоданне беларускімі прымаўкамі, загадвалі загадкі…

Чытае Людміла Паўлікава

Сваімі ўражаннямі ад творчых сустрэчаў падзялілася Людміла Паўлікава:

“Такой гаманы і азарту не памятаю нават пад час лепшых хвілін маіх школьных гадоў. Лес рук у зале без розніцы – ведаюць адказ на пытанне, або не – галоўнае атрымаць слова, а там, што Бог дасць )) І даваў… ад нас асабіста і ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Ды і было за што! Хіба можна было здагадацца, што набожны Іван Грозны ў 1563 годзе ўзяў у паход на Полацак не што іншае, як крыж Еўфрасінні Полацкай, бо дужа верыў у яго сілу? Ці што ў часы праўлення Усяслава Чарадзея Полацкае княства распасціралася ажно да Варажскага (Балтыйскага) мора? Пыталася я і пра тое, што мы ўсе чамусьці ведаем імя жонкі Аляксандра Пушкіна, а як жа наконт імя жонкі Янкі Купалы? Або гэтакае падступнае пытанне: Евангелле ад Матфея, Апакаліпсіс ад Іаана Багаслова, а “Евангелле ад Іуды” – ? (Караткевіча)… А вось на мой хітры верш-загадку з падвойным дном:

Аднойчы кажа татка:
— Ёсць хітрая загадка,
Не здолееш, бадай!
Што гэта, адгадай!
“Не брэша, не кусае
І ў хату не пускае!”
Я ў момант адказаў:
— Суседчына… (каза)!
…ніхто не даў адказу…”

budzma.by