Паліна Качаткова: Быць праваабаронцам для пісьменніка карысна

Імя Паліны Качатковай многія звыклі атаясамліваць з праваабарончай дзейнасцю, з цэнтрам «Вясна», дзе яна шмат гадоў працавала. Таму яе кніга прозы «Матылі» шмат для каго сталася неспадзяванкай. Штодзённае знаходжанне на вастрыі чужога болю — ці спрыяе гэта мастацкай творчасці? Ці лёгка напісаць кнігу супольна з аўтарам, які знаходзіцца за кратамі? Аўтарка кнігі — госцем «Вольнай студыі».
— Паліна, калісьці даволі даўно, гадоў дваццаць таму, выйшаў у свет зборнік кароткай прозы пад назвай «Перад тваімі вачыма», дзе былі надрукаваныя два твае апавяданні. З тае пары я чакаў тваю кнігу. Чаму так доўга давялося чакаць?
— І я з тае пары чакала. І нарэшце дачакалася. Адно з тых даўніх апавяданняў — «На вакзале» — мне і цяпер вельмі сімпатычным падаецца. А чаму так доўга... Гэта пытанне да выдаўцоў. Я не ведаю, чаму ў мяне дагэтуль не было кнігі. Я не ведаю, як так атрымалася, што яна адносна нядаўна выйшла. Можа, у мяне лёгкая ступень аўтызму ці сацыяльная наіўнасць, але я сапраўды не ведаю, як выходзяць кнігі, што пісьменніку трэба для гэтага рабіць. Летась да мяне падышоў Барыс Пятровіч і прапанаваў выдаць кнігу ў серыі «Кнігарня пісьменніка». Я даслала тэкст, і кніга вышла.
— «Матылі» ўваходзілі ў лонг-ліст сёлетняй прэміі Гедройца. Шчыра кажучы, я не спадзяваўся, што ты станеш лаўрэаткай, але мне было проста прыемна бачыць там тваё імя, як і імёны Андрэя Федарэнкі і Алены Брава. У маіх вачах гэта падвышала саму прэмію. Калі журы цябе адсеяла, ты перажывала?
— Я не перажывала. Гэта іншае пачуццё. Я была вельмі здзіўленая
— Калі чытаў тваіх «Матылёў», разумеў, што падабенства прозы і паэзіі яшчэ і ў адсутнасці лішніх словаў. Ад каго ў цябе такі выкшталцоны лаканічны стыль?
— Ад маці, напэўна, ад маці. Мая маці вельмі адчуальная да словаў. І лічыць, што я гавару шмат лішняга. Таму, пішучы, я вельмі ашчадна стаўлюся да пабудовы сказа, старанна падбіраю менавіта тое слова, якое патрэбнае. Таму і пішу вельмі марудна. Для мяне гэта цяжкі працэс. Я мыслю вобразамі, але не атрымліваю задавальнення ад пераносу гэтых вобразаў на паперу. Я заўсёды імкнулася пісаць так, каб праз словы, сінтаксычныя канструкцыі ствараць іншую рэальнасць. Каб заставалася ўражанне, як ад снення. Быццам прачынаешся, а ўсё не можаш адысці ад сну, працягваеш думаць пра тое, што прыснілася. Нібыта ў сне было ўсё, як і на яве, а ўсё ж іначай. Мной вельмі мала напісана, бо я хачу, каб тэксты не былі пустымі. На вокладцы «Матылёў» прыводзіцца цытата: «Ёсць словы, якія не варта гаварыць». Гэта, дарэчы, сказана маёй маці. Так яна мне гаворыць.
— «Матылі» якраз і падабаюцца мне сваёй мовай — не пластмасавай, не дыстыляванай, як часам бывае ў сучасных творцаў. Роўнай, як дыханне. А як ты ставішся да трасянкі, на якой маладыя пісьменнікі пішуць цэлыя кнігі?
— У штодзённым жыцці, у размовах і перапісцы (напрыклад, па скайпе) я сама часам карыстаюся трасянкай. Вядома, каб я была чараўніцай і магла рабіць цуды, то зрабіла б так, каб усе гаварылі на выкшталцонай беларускай мове. На жаль, сёння трасянка — гэта частка нашай рэчаіснасці. Але кніг на трасянцы я не чытала. Сама пісаць на ёй ні ў якім разе не планую. Але на побытовым узроўні, паўтаруся, трасянка цалкам дапушчальная.
— На сайце kаmunikat.org я з задавальненнем прачытаў твой раман «Паэт» — пра Максіма Багдановіча. На жаль, ён існуе пакуль толькі ў электронным выглядзе. Пра Багдановіча, як мне падаецца, вядома літаральна ўсё. Ці засталіся для цябе нейкія неадкрытыя таямніцы ў ягоным жыццяпісе?
— Насамрэч пра Максіма Багдановіча мы вельмі мала ведаем. Жыццё яго — таямніца. Архіў паэта быў страчаны падчас Другой сусветнай вайны. Памятаю, як у
— Я вельмі паважаю тых пісьменнікаў, якія апрача сваіх рыхтуюць да выдання кнігі тых, хто сам гэтага зрабіць не можа. У тваім выпадку я маю на ўвазе літаратуразнаўчую кнігу Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай». Складана было працаваць з аўтарам, які знаходзіцца ў турме?
— Мне было прыемна працаваць з Бяляцкім, нягледзячы на тыя ўмовы, у якіх ён сёння знаходзіцца. Мы ўсе ў пэўным сэнсе ў турме, нават тыя, хто на волі. Кнігу «Асьвечаныя беларушчынай» Алесь Бяляцкі планаваў выдаць да свайго
— Нядаўна ўсе сайты абляцела сенсацыя — знойдзеныя невядомыя сцэнары Уладзіміра Караткевіча. Я ведаю, што і ты займаешся сцэнарапісаннем. Гэта патрэба душы ці нешта менш прыемнае?
— Мне, вядома ж, хацелася б быць такой паветранай феяй, якая ўсё робіць дзеля патрэбаў душы. Але так не атрымліваецца, хаця я імкнуся спалучаць. Я супраць смяротнага пакарання, таму пішу сцэнары па гэтай тэме. Я хачу, каб людзі даведаліся і зразумелі, як гэта жахліва. Большасць людзей выступае за смяротнае пакаранне, але мала хто ведае, як яно адбываецца. <...> Я не пішу сцэнары пра тое, што мне не цікава. Апошні зацверджаны сцэнар — «Людвіка». Фільм пра Людвіку Кардзіс — адданую беларуску, якая спрабуе адрадзіць беларускі музей у сучаснай Вільні, пра повязь часоў і пераемнасць пакаленняў віленскіх беларусаў. <...>
— Ты шмат гадоў займалася праваабарончай дзейнасцю ў цэнтры «Вясна». Быць праваабаронцам для пісьменніка карысна? У сэнсе знаходжання сюжэтаў і г.д.
— Вельмі карысна. Асабліва ў плане засваення гуманістычных і антытаталітарных каштоўнасцяў. Пісьменнік мае магчымасць атрымаць пэўны сфакусаваны погляд на жыццё. Падчас працы ў праваабарончым цэнтры «Вясна» мы з Таццянай Равяка і Таццянай Снітко зрабілі дакументальную кнігу «Трагедыя на Нямізе». Тады да нас звярталася бацькі загінулых, яны апавядалі свае гісторыі. І было б вельмі крыўдна і несправядліва, каб усё гэта бясследна знікла. Так што праваабарончая дзейнасць дае шмат. У мяне апошнім часам узнікла такая думка — добра было б правесці нейкі семінар для пісьменнікаў, дзе патлумачыць ім, што такое правы чалавека. Бо часам у інтэрнэт-дыскусіях з удзелам пісьменнікаў узровень ксенафобіі проста зашкальвае. Іх стаўленне да меншасцяў (самых розных) выглядае нецывілізаваным.
Міхась Скобла, чытайце цалкам на Радыё Свабода