Памерла Рыма Казакова

Саюз беларускіх пісьменнікаў глыбока смуткуе з нагоды заўчаснай сьмерці вядомай расійскай паэткі і перакладчыцы, першага сакратара Саюза пісьменнікаў Масквы Рымы Казаковай. Яна раптоўна памерла 19 траўня ў Адзінцоўскім раёне Падмаскоўя, дзе знаходзілася ў доме адпачынку.
Казакова Рыма Фёдараўна нарадзілася 27 студзеня 1932 года ў Севастопалі, у сям'і вайскоўца. Дзяцінства правяла ў Беларусі, школьныя гады мінулі ў Ленінградзе. Скончыла гістарычны факультэт ЛДУ.
Сем гадоў жыла на Далёкім Усходзе ў Хабараўску. Працавала лектарам, выкладчыкам, у газеце, на кінастудыі. У 1959 годзе прынятая ў Саюз пісьменнікаў. У 1964 годзе скончыла вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП.
У 1976 - 1981 гадах - сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў. Займалася перакладамі з моваў краін блізкага і далёкага замежжа. Рыма Казакова – аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі і папулярных песень.
Сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў выказваюць спачуваньні родным і блізкім выдатнага чалавека і пісьменніцы Рымы Казаковай.