Памерла Валянціна Коўтун

Учора ў Пінску на 66-м годзе жыцця сышла ў іншы свет вядомая беларуская пісьменніца Валянціна Коўтун.

Саюз беларускіх пісьменнікаў выказвае самыя шчырыя спачуванні яе родным і блізкім.

Коўтун Валянціна (сапр. Новік Валянціна), нарадзілася 06.04.1946 г. у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.

У 1963 г. скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу, працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. У 1964 г. паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а з 4 курса перавялася ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (скончыла ў 1969). Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (1969-1970), літкансультантам «Сельской газеты» (1970-1976). З 1976 г. - літсупрацоўнік, з 1979 г. - рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 г. - загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 г. - старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». У 1977-1980 гг. вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1976 г.

У друку выступала з 1966 г. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1986) за кнігу паэзіі «Метраном».

Прэс-служба СБП