Памерла Віслава Шымборска

Увечары 1 лютага пасля працяглай хваробы на 89-м годзе жыцця ў сваім доме ў Кракаве памерла польская паэтка Віслава Шымборска. Пра смерць пісьменніцы паведаміў яе сакратар Міхал Русінэк.

Віслава Шымборска нарадзілася 2 ліпеня 1923 году ў мястэчку Курнік, непадалёк ад Познані. У 1924 годзе сям’я Шымборскіх пераехала ў Познань, а ў 1931 годзе — у Кракаў. У Кракаве Віслава Шымборска скончыла пачатковую школу і паступіла ў гімназію.

Падчас Другой сусветнай вайны вучылася ў падпольнай школе, а ў 1943 годзе пачала працаваць на чыгунцы, каб пазбегнуць высылкі ў Германію на прымусовыя працы. Першы верш паэткі “Шукаю слова” (Szukam słowa) быў апублікаваны ў сакавіку 1945 году ў штодзённым выданні “Польскі дзённік” (Dziennik Polski). У 1949 годзе першая кніга Шымборскай “Вершы” была забароненая для друку, бо “не выконвала сацыялістычных патрабаванняў”. Першы паэтычны зборнік Віславы Шымборскай “Для таго жывем” (Dlatego żyjemy) выйшаў у 1952 годзе і быў прасякнуты духам сацыялістычнага рэалізму, як і другі зборнік вершаў “Пытанні да сябе” (Pytania zadawane sobie, 1954).

Пазней паэтка адзначала, што тэматыка і стыль першых дзвюх кніг былі яе “юнацкім грашком”. Значным крокам наперад у творчым станаўленні Віславы Шымборскай стаў зборнік вершаў “Заклікі да Еці” (Wołanie do Yeti, 1957), у якім яна звярнулася да верлібру. У 1953—1981 гадах Шымборска была сябрам рэдакцыі часопіса “Літаратурнае жыццё” (Życie Literackie), дзе з 1968 году вяла рубрыку “Неабавязковае чытанне”.

Да 1966 году Віслава Шымборска ўваходзіла ў Польскую аб’яднаную рабочую партыю, аднак пазней дыстанцыявалася ад сацыялізму. У 1980-х далучылася да “Салідарнасці” і працавала ў польскім самавыданні Arka і ў часопісе “Культура”, які выдаваўся ў Парыжы. У 1996 годзе Нобелеўскі камітэт уганараваў Віславу Шымборску прэміяй “за паэзію, якая з іранічнай дакладнасцю адлюстроўвае ў фрагментах чалавечай рэальнасці гістарычны і біялагічны кантэкст”.

 

 

Падлетак (Kilkunastoletnia)

Я – падлетак?

Калі б раптоўна, тут і цяпер, з’явілася перада мной,

ці мусіла б яе вітаць як родную,

хоць мне яна чужая і далёкая?

 

Пусціць слязу, пацалаваць у лобік

выключна з той прычыны,

што ў нас аднолькавая дата нараджэння?

 

 Між намі столькі непадобнага,

 што не змяніліся, здаецца, толькі косткі,

 звод чэрапа, вачніцы.

 Бо яе вочы ўжо нібыта большыя,

 вейкі даўжэйшыя, вышэйшы рост,

 усё цела ахутанае шчыльна

 ў гладкую, без дыятэзу, скуру.

 

 Праўда, нас яднаюць знаёмыя і родныя,

 аднак у яе свеце амаль усе жывыя,

 у маім жа амаль ніхто

 з таго агульнага нам кола.

 

 Мы абсалютна непадобныя,

 зусім пра рознае мы думаем, гаворым.

 Яна замала ведае

 – аднак з упэўненасцю, вартай лепшай справы.

 Я ведаю намнога больш

 – ды не напэўна.

 

 Паказвае мне вершы,

 напісаныя почыркам старанным і разборлівым,

 якім я не пішу ўжо многа год.

 

 Чытаю яе вершы, чытаю.

 Ну, можа, толькі гэты,

 калі б яго паменшыць

 і дзе-нідзе паправіць.

 А рэшта нічога добрага не абяцае.

 

 Размова зусім не клеіцца.

 На яе бедным гадзінніку

 час яшчэ няўстойлівы і танны.

 На маім жа – намнога даражэйшы і дакладны.

 

 На развітанне нічога, банальная ўсмешка,

 ніякага замілавання.

 

 Хіба калі яна знікае,

 пакінуўшы ў спешцы свой шалік.

 

 Шалік з натуральнай воўны

 ў каляровыя палоскі

 калісьці нашай мамай

 звязаны для яе кручком.

 

 Захоўваю яго дагэтуль.

 

Віслава Шымборска

Пераклад Марыны Казлоўскай


prajdzisvet.org