Памёр Анатоль Валахановіч. Развітанне адбылося 24 лістапада

Развітанне адбылося 24 лістапада аб 11-й раніцы ў рытуальнай зале 9-й лякарні па вул. Сямашкі, 8.

Спадар Анатоль будзе пахаваны ў в. Паўлаўшчына Койданаўскага раёна.

Спадар Анатоль выступае на вечары памяці Яна Скрыгана. Магчыма, гэта яго апошняе фота. 18 лістапада 2016. Школа ў пасёлку Камень на Капыльшчыне. Фота Вікі Трэнас

А. I. Валахановіч нарадзіўся 17 красавіка 1939 года ў горадзе Мінску ў сям'і служачага. Бацька Іосіф Іванавіч (1901—1987) да выхаду на пенсію працаваў машыністам Мінскага паравознага дэпо, маці Ванда Фларыянаўна (1913—1994) была хатняй гаспадыняй.

А. I. Валахановіч скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1961). Член Саюза журналістаў Беларусі (1975). У 1961—1962 гг. настаўнік гісторыі Бараўской СШ, з мая 1962 г. адначасова дырэктар Паланевіцкай ПСШ Дзяржынскага раёна Мінскай вобл. У 1962—1964 гг. служыў у Савецкай Арміі (Группа Савецкіх Войск у Германіі). 3 1964 г. дырэктар Ракашыцкай 8-гадовай школы Дзяржынскага раёна, са жніўня 1966 г. дырэктар Зенькавіцкай СШ Уздзенскага раёна Мінскай вобл. Пісаць і друкавацца пачаў яшчэ ў студэнцкія гады ў 1959 г.

3 верасня 1968 г. - рэдактар у БелСЭ, з лютага 1975 г. загадчык рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР, з мая 1996 г. па 2002 г. старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.

Даследаваў праблемы гісторыі, літаратуры, культуры і краязнаўства Беларусі, распрацоўваў пытанні палітычных рэпрэсій 20 — пачатку 50-х гадоў XX ст., займаўся гісторыяй хрысціянства на Беларусі. Аўтар навуковых і навукова-папулярных кніг: "Дзяржынск: Гісторыка-эканамічны нарыс" (1977), "Дзержинск: Историко-экономический очерк" (1982), буклета "Первая в Белоруссии: К 50-летию организации Койдановской МТС. 1930—1980" (1980), "Дзержинщина: Прошлое и на­стоящее" (у сааўт. з А. М. Кулагіным, 1986), "Кличевщина: Историко-экономический очерк" (у сааўт. з І.І. Саўчанкам, 1989), "Партызанскі генерал з Амерыкі (пра начдыва I. Я. Траццяка)” (1995), "Феликс Эдмундович Дзержинский: Краткий очерк жизни и деятельности" (1997), "Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіяграфія Браніслава Тарашкевіча" (у сааўт. з У. М. Міхнюком, 1999) , "Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі" (2003), адзін з аўтараў, рэдактараў і складальнікаў кнігі "Кто есть кто в Республике Беларусь"(1999), адзін з аўтараў кнігі "Белоруский государственный университет информатики и радиоэлектроники: История в биографиях ректоров, ученых, удостоенных почетных званий, лауреатов премий, профессоров, докторов наук: 40 лет (1964—2004)", Мн. (2004), артыкулаў пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, паэта і святара Андрэя Зязюлю (А. А. Астрамовіча) і інш.

Аўтар звыш 350 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый, часопісах, газетах, кнігах "Памяць" Дзяржынскага, Клічаўскага, Чашніцкага, Бабруйскага, Баранавіцкага, Кобрынскага і іншых раёнаў Беларусі. Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі населеных пунктаў Беларусі. Апублікаваў нарысы пра Станіслава Шушкевіча, Міколу Ермаловіча, Мікалая Улашчыка, Каруся Каганца, Уладзіміра Крыловіча, Браніслава Тарашкевіча, М. I. Пушчына, Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага, М. М. Літвінава, Гая Гая, Данілу Набароўскага і інш. Піша аповесці, апавяданні, эсэ, дакументальныя нарысы, казкі.
Узнагароджаны знакам "Отличник печати", медалямі, ганаровымі граматамі.

Па матэрыялах інтэрнэту

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"