Памёр Аркадзь Нафрановіч

Аркадзь Іосіфавіч Нафрановіч

Аркадзь Нафрановіч нарадзіўся 26 красавіка 1936 года ў вёсцы Юшкавічы на Мядзельшчыне.

У гады вайны вёску Юшкавічы спалілі, і Аркадзь разам з бацькамі быў вывезены ў Германію на прымусовыя работы. Два гады правёў ён там разам з сям’ёй. У сваёй аўтабіяграфіі Аркадзь Іосіфавіч успамінаў: “Мне было крыху больш за сем гадоў. Тое, што я спазнаў у Нямеччыне, ніколі не забу­дзецца”.

Вярнуўшыся ў родную вёску, хлопец закончыў сямігодку, сярэднюю адукацыю атрымаў ужо ў Мя­дзелі. Паступіў на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівер­сітэта, які закончыў у 1968 го­дзе. Усё жыццё працаваў настаўнікам – выкладаў геаграфію, гісторыю, музыку і спевы ў школах Пастаўскага раёна.

Яшчэ ў 6-м класе Аркадзь спрабаваў пісаць вершы. Больш сур’ёзна гэтым пачаў займацца ў час працы настаўнікам у Камайскай школе, што на Пастаўшчыне. У 1989 годзе ўступіў у літаратурнае аб’яднанне “Світанак” пры раённай газеце “Пастаўскі край”.

У 1995 годзе выдаў кнігу паэзіі “Мядзельскі мерыдыян”, у 1998 – “Святло Нарачы”. Пачынаючы з 1994 года, плённа працаваў з кампазітарам Мікалаем Пятрэнкам. У творчым саюзе з ім нарадзілася 17 песень і рамансаў, якія склалі зборнік “Мелодыі роднага краю” (1995).

Аўтар кніг “У пошуках ісціны” (2005), “Горад музыкі і сонца” (2009), зборніка нарысаў і вершаў “Сейбіты дабра і мудрасці» (2007), прысвечанага нялёгкай працы настаўнікаў. Асобнай кніжкай выйшла аповесць “Мая адысея” (2001), за якую Аркадзь Нафрановіч атрымаў абласную Літаратурную прэмію імя Уладзіміра Караткевіча.

Аркадзь Нафрановіч жыў у Камаях Пастаўскага раёна.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"