Памёр Мікалай Іванавіч Мішчанчук

Памёр Мікалай Іванавіч Мішчанчук, паэт, перакладчык, навуковец,  сябар ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Выказваем шчырыя спачуванні блізкім.

Мікалай Іванавіч нарадзіўся 26 кастрычніка 1939 года на прыіску Майск Мазанаўскага р-на Амурскай вобл. Выступаць у друку пачаў з вершамі. Першы верш “Метал” апублікаваны ў 1962 у часопісе “Бярозка”. Асобныя вершы і падборкі друкаваліся ў беларускай літаратурнай перыёдыцы. Выйшлі зборнікі паэзіі “Вернасць”, “Трывожуся за белы свет”…  З 2004 года Мікалай Іванавіч, доктар філалагічных навук, прафесар, загадваў кафедрай беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

Апошнім часам Мікалай Мішчанчук выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. У жнівеньскім выпуску “Літаратурная Беларусі” выйшаў яго артыкул “Людзям на дабро” на кнігу берасцейскага аўтара Міколы Сянкевіча “Незваротны шлях”.

Прэсавая служба СБП

Мікола Мішчанчук: "Людзям на дабро"

(Мікола Сянкевіч. Незваротны шлях. — Брэст: Альтэрнатыва, 2012. — 220 с.)

Чытаю не першую кніжку берасцейскага пісьменніка Міколы Сянкевіча і кожны раз пераконваюся ў пасталенні яго таленту — і мастака, і педагога.

З густам аформленае выданне выпушчана мясцовым, берасцейскім, выдавецтвам. Невялікі тыраж (99 асобнікаў), афсетная папера, на вокладцы пад парывамі ветру-часу хінуцца долу дрэвы. Гэта — мы, людзі. Відаць, доўга думаў аўтар і над назваю кнігі, і над яе афармленнем. І пра агульны і асабісты чалавечы лёс — рух наперад, насустрач ветру, абставінам, праз іх пераадоленне.

Такім ведаю ўжо амаль два дзясяткі гадоў аўтара аповесці «У аперацыйным блоку холадна», рознажанравых твораў, мініяцюр, пададзеных у зборніку паводле тэматычна-зместавага характару ў рубрыках «Вачыма настаўніка», «Жыццё, яго вялікасць…» і «Не толькі жартам». Усе творы прасякнуты клопатам пра чалавека і чалавечнасць, «адкрыты» для працягу свядомасцю чытача. Як, да прыкладу, невялічкая мініяцюра «Часовае і вечнае»: «Дзіця вёскі, іншы раз думаю, а што калі б вызваліць зямлю ад кубічных метраў бетону, каменю і мармуру. Яна, што сотні і тысячы гадоў была падобна чалавеку з завязанымі вачыма, ці абудзілася б, ці вярнулася б да жыцця?.. Што вырасла б на месцы касцёлаў, цэркваў і сінагог? А на месцы пірамід, палацаў тыранаў, турэмных муроў?.. Зарунела б жыта ці адпомсціла б карміцелька блёкатам і дзікімі каноплямі?..».

Проза М. Сянкевіча выдае ў ім спакойны знешне і экспрэсіўны ўнутрана тэмперамент, заклапочанасць маральным станам чалавецтва. Прычым палітра падобнай заклапочанасці надзвычай шырокая, але асноўная на ёй фарба, яе, калі можна так сказаць, дамінантны штрых — абарона дзяцей, дзяцінства, увага да іх духоўных перажыванняў, іх унутранага свету. Вось дзеці знаёмяцца з вясковым гультаём — для іх непазнанай і незразумелай істотай. Спачатку нічога дзіўнага ў ім не заўважаюць («на першы погляд гультай нічым не адрозніваўся ад звычайных людзей: ні жывата, які б дрыжэў, як кісель, ні далоняў-падушак»… Але затым у свядомасці дзіцяці спрацоўвае параўнальны аналіз: гэты чалавек быў вышэй сярэдняга росту, меў «разгорнутыя плечы» (выдатная мастацкая дэталь!), на галаве — капялюш, пад ім — не загарэлы твар (яшчэ адна дэталь), а сяляне-працаўнікі былі «дачасна пасівелыя», з загарэлымі тварамі. І каса ў гультая была «нейкая малаватая, як несапраўдная», і на сенакос ехаў ён не да сонца, а калі яно ўжо высока ўзнялося. Вывад аўтара мініяцюры «Гультай» лаканічны, просты, разлічаны «на вырост» чытацкай думкі: «Добра выхоўвала, цяпер разумею, сваіх дзяцей палеская вёска». 

Вясковай педагогіцы, непрыкметнай і шчырай, прысвечана мініяцюра «Заступніца». Пра бабулю, якая абараняе ўнукаў-жэўжыкаў перад строгім дзедам, бярэ віну на сябе за правінак (дурэючы, пабілі любімы кубак старога): «То ж гэта я, дзеду, зусім ніякая стала, — апраўдваецца бабуля. — Выцірала стол, зачапіла пасудзіну — вось табе і маеш». Лагоднай усмешкай, нейкім мяккім святлом асветлены дзеянні, падзеі, героі і аповесці, і мініяцюр аўтара. І ў стварэнні падобнай аўры яму вернай памочніцай становіцца родная мова. Звернем увагу на тое, як гаворыць вясковая жанчына: тут і зварот «дзеду», і ідыёмы (не вясковы чалавек так не скажа): «зусім ніякая стала», «вось табе і маеш».

Талент М. Сянкевіча пераважна лірычны. Ды часта лірызм пераплятаецца са шкадаваннем, з інтэлігентнай ды важкай усмешкай. Што і назіраем мы ў мініяцюры «Антракт і кантракт» — пра настаўніцу, якая, ніколькі не сумняваючыся, дала дзецям заданне чытаць апавяданне Якуба Коласа «Антракт» (замест «Кантракт»). Вядома, ніхто яго не знайшоў у кніжцы, сама ўрокадаўца выкруцілася і з гэтай экстрэмальнай сітуацыі: «Дрэнна шукалі… Ды што з вамі зробіш». Але ж да гэтага з такім імпэтам тлумачыла «доўбням» і выдатнікам, што антракт — «гэта не што іншае, як перапынак паміж часткамі тэатральнай пастаноўкі…».

Сказаць папраўдзе, пасля таго, як пакінулі нас сам-насам з пераходным (пераломным) часам Іван Мележ, Васіль Быкаў, Янка Сіпакоў, Іван Шамякін, Янка Брыль, засумавалі мы па гуманістычнай, выкананай у лірычнай манеры і рэалістычным стылі новай прозе. М. Сянкевіч працуе ў ключы класікаў, шануе пакінутыя імі традыцыі псіхалагічна паглыбленага пісьма. З кожнай жыццёвай сітуацыі героі пісьменніка і сам пісьменнік, дзе ў «адкрытай» форме (апавяданні «Нара», «Была ў мяне шапка» «Неяк яно будзе»), а часцей — у прыхаванай, «ускоснай», з адкрытым фіналам (мініяцюры з цыклаў «Жыццё, яго вялікасць…» і «Не толькі жартам») даводзіць думку пра «нестандартнасць», шматграннасць чалавечай існасці. Часцей гэта адбываецца як бы падсвядома, быццам само сабою, напаўсентыментальна ці напаўжартоўна. 

У многіх творах М. Сянкевіча апавяданне вольна, нязмушана вядзецца ад імя «Я-суб’екта». У мініяцюры «Лічбы на сэрцы» побытавая сцэнка (здача бялізны ў пральню, дзе не памяняўся інтэр’ер) нарошчваецца нашай свядомасцю да гуманістычнай споведзі пра сціпласць («не дажыў да мяккага крэсла», таму пінжакі «ўвесь час выцерты на адным і тым жа месцы»), пра назіральнасць і кемлівасць нашага народа (мужчыны шасцізначныя біркі на рэчах называюць «лічбамі на сэрцы»), пра перасячэнне шляхоў малазнаёмых людзей.

Падтэкставасць ратуе педагагічныя творы М. Сянкевіча ад навязлівага дыдактызму (падкрэслім!) пры відавочнай прысутнасці ў іх аўтарскага я.

Аповесць «У аперацыйным блоку холадна» — пра вечнае каханне, якое, часта зацятае ў героях, крынічыць, пераліваецца адценнямі смутку, горычы, расчаравання і… радасці. Аўтар не прэтэндуе на шырокае эпічнае разгортванне падзей, абмяжоўваецца вертыкальным зрэзам любоўнага трохкутніка, сямейна-бытавых падзей. Выкладчыку ВНУ Сямёну Кавалю не пашчасціла з абранніцай Таццянай, якая стала маці дваіх дзяцей, але не прытулілася да мужа, беспадстаўна раўнавала. Так паступова Сёмачка ператварыўся ў «паразіта» і «паскуду». Каб не дзеці, сямейны саюз даўно б распаўся. Але… «любоў ратуе свет». Так і тут: светлае каханне да Веранікі спыніла героя ад духоўнай дэградацыі, акрыліла яго, паклікала да актыўнага жыцця. Сталі яшчэ больш блізкімі і дзеці, якія ў канцы аповесці з прачытанага дзённіка бацькі даведаліся пра перанесеныя ім пакуты і радасці. Аўтарскі аповед мяжуецца з ліставаннем, якое дапамагае глыбей раскрыць чалавечыя характары . М. Сянкевіч па-майстэрску валодае дыялогавай формай пісьма. Як і ў творах малой формы, спрацоўвае падтэкст, крынічыць чыстая беларуская мова. «Чудны ты, Сёмачка. Ты ж зморышся», — прамаўляе маці да сына. «Крыўда ўтаймавалася», «маўчанне доўжылася», «пера­хрысціў на адыход», «прабачаўся за турботы» — апісваюцца паводзіны героя твора падчас сустрэчы са святаром. «Узяла ліст паперы. Слёзы з вачэй ручаём, а я ў слупок стаўлю «плюсы» і «мінусы». Апошніх больш… Прабач за почырк. Дрыжыць рука, нават пад коўдрай не магу як след сагрэцца. У аперацыйным блоку холадна…» — піша каханаму ліст з бальніцы Вераніка…

Мікола Сянкевіч выдаў цікавую кніжку «на добрую навуку» ўсім, каму хочацца жыць светла, адкрыта, па-чалавечы.

Літаратурная Беларусь № 72