Памёр Уладзімер Содаль. Развітанне адбудзецца 18 красавіка
Уладзімер Содаль нарадзіўся 13 верасьня 1937 году ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Скончыў Менскі пэдагагічны інстытут, працаваў настаўнікам. Некалькі дзясяткаў гадоў адпрацаваў на беларускім тэлебачаньні.
Як літаратуразнаўца Ўладзімер Содаль дасьледаваў творчасьць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, М.Багдановіча, Зоські Верас і іншых.
Напісаў кнігі: «Людзьмі звацца» (1977), «Пуцявінамі сейбіта» (1982), «Кушлянскі кут» (1990), «Сьцежкамі Мацея Бурачка» (1990), «Жупранская старонка» (1992), «Тут бачу свой край» (1994), «Сьвіранскія крэскі» (1995), «Карпілаўка» (2001). У 2007 выдаў кнігу «Волат зь Мігаўкі», прысьвечаную жыцьцю грамадзка-палітычнага дзеяча Беларусі Аляксандра Ўласава.
Ва Ўладзімера Содаля засталіся сын, дачка, чацьвёра ўнукаў і праўнук.
«Да апошняга ён ірваўся пайсьці зь людзьмі сустрэцца. Усё спрабаваў нешта пісаць, а літары ўжо не складаліся. Апынулася, ужо два тыдні, як у яго інфаркт, а ён ня скардзіўся, нічога», — распавяла Радыё Свабода жонка Ўладзімера Содаля Клара Барысаўна. Памёр Уладзімер Содаль у Першым клінічным шпіталі Менску.
Час разьвітаньня будзе вядомы ўвечары 16 красавіка.
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода
Развітанне з Уладзімерам Содалем пройдзе 18 красавіка (субота) ад 11 да 13 гадзіны ў рытуальнай зале пры гарадской клінічнай бальніцы №9 (вул. Сямашка, 8).
Пахаваюць пісьменніка і літаратуразнаўца на могілках у Астрашыцкім Гарадку, каля маці.
Якраз сёння зраніцы, 16 красавіка, у межах грамадскай акцыі "Аўтографы" на нашую пошту бібліяфілам Міколам Лавіцкім быў дасланы аўтограф Уладзімера Содаля, датаваны 20 кастрычніка 2000 года. Светлая памяць.
Смуткуем і выказваем спачуванні родным і блізкім Уладзімера Ілліча.
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"