Памёр Уладзімір Дамашэвіч

Да юбілею Уладзіміра Максімавіча, яшчэ зусім нядаўна, пісаў свае ўражанні і ўспаміны для часопіса "Маладосць" Іван Ждановіч. Як вядома, менавіта працы ў гэтым выданні спадар Дамашэвіч прысвяціў вялікую частку свайго жыцця, падрыхтаваў да друку дзясяткі, а мо і сотні празаічных твораў, выхаваў новыя пакаленні беларускіх аўтараў: 

"Я лічу, што з асобай Уладзіміра Максімавіча Дамашэвіча звязаны лепшыя старонкі сучаснай беларускай прозы. Дзясяткі прадстаўнікоў нашай літаратуры прайшлі праз яго чуласць: як сапраўдны майстар слова, ён і парады даваў, і сваім прыкладам паказваў, як трэба пісаць. Памятаю, як пачалося маё з ім знаёмства…

Гэта былі сямідзесятыя гады. Я яшчэ толькі пачынаў супрацоўніцтва з часопісам “Бярозка” — адсылаў у рэдакцыю вершы. І вось аднойчы да нейкага свята атрымаў ад “Бярозкі” паведамленне аб перамозе ў конкурсе і, як заахвочвальны прыз, кніжку “Порахам пахла зямля”, на якой было напісана: “Уладзімір Дамашэвіч”. Кніжку я пагартаў і адклаў убок. Тата ўбачыў гэта і кажа: “Іван, Уладзімір Дамашэвіч наш зямляк!”. Тады я стаў уважліва гэту кнігу чытаць. А ў іншых творах земляка з прыемнасцю знаходзіў назвы блізкіх нам вёсак —Яцкаўшчына, Якшычы, Жарабковічы… Ва Уладзіміра Максімавіча родавыя карані з нашых, Клецка-Ляхавіцкіх мясцін, і, напрыклад, у аповесці "Студэнты апошняга курса" ёсць згадкі, як ён ішоў па іх пешшу, і для мяне гэта было адкрыццём: аказваецца, можна пісаць пра родныя мясціны мастацкай мовай і гэта друкуецца! А потым, калі я працаваў у часопісе “Беларусь” намеснікам галоўнага рэдактара, Уладзімір Максімавіч часта да нас заходзіў. У яго, ведаеце, ёсць добрая звычка — прыносіць жанчынам і дзяўчатам, супрацоўніцам рэдакцыі, цукеркі.

А яшчэ я памятаю апавяданне, якое ён прынёс у часопіс “Беларусь”. Тады аддзелам літаратуры загадваў Іван Данілавіч Сіпакоў, якога ўжо няма з намі. Гэта недзе дзевяностыя або пачатак двухтысячных. Апавяданне ваеннае. І настолькі моцна збітае, што нідзе нават, як кажуць, пальчык не ўсунеш, настолькі ўсё выверана, настолькі яно моцнае. У ім расказвалася пра падзеі вайны — пра тое, што сам Уладзімір Максімавіч, мусіць, перажыў, перанёс…" (паводле часопіса "Маладосць"). 

Уладзімір Дамашэвіч, першы рэдактар аповесці "Жураўліны крык" Васіля Быкава, побач са стэндам, прысвечаным Васілю Уладзіміравічу. Фота n-europe.eu. 

Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч нарадзіўся 17.02.1928 г. у вёсцы Вадзяціна Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1953 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у выдавецтвах «Народная асвета», «Беларусь» (1953-1967), на Беларускім радыё (1965), літработнікам у часопісе «Полымя» (1967-1972), загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1973-1977), рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1977), у 1978-1988 гг. загадваў аддзелам прозы часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1962 г. Першае апавяданне надрукаваў у 1958 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар шматлікіх кніг аповесцей, раманаў, нарысаў.

Смуткуем і выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Максімавіча.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"