Памёр Вацлаў Гавал

Сёння, як паведаміла Reuters, памёр Вацлаў Гавал ― сусветна вядомы палітык і пісьменнік.
У 1989 г. ён быў адным з ініцыятараў стварэння «Грамадзянскага форума», які стаў галоўнай апазіцыйнай сілай у Чэхіі.
У снежні таго ж года Гавал быў абраны прэзыдэнтам Чэхаславацкай
сацыялістычнай рэспублікі, а ў 1993 г. стаў прэзідэнтам незалежнай Чэхіі.
У 1955 г. Вацлаў Гавал упершыню выступіў як літаратурны крытык і неўзабаве набыў вядомасць у літаратурных колах. У гэты час з'явіліся яго першыя п'есы.
Сышоўшы ў 2003 г. з палітыкі, да апошніх дзён Вацлаў Гавал заставаўся аўтарытэтнай фігурай, да меркаванняў якой прыслухоўваліся чыноўнікі найвышэйшых рангаў як у Чэшскай Рэспубліцы, так і за мяжой. Разам з тым пасля сыходу з палітыкі Гавал зноў вярнуўся да літаратуры. У 2007 г. ён напісаў п’есу “Сыход” (Odcházení), якая з вялікім поспехам ставіцца на многіх сцэнах свету.
Што да другога важнага складніку літаратурна-мысленчай творчасці Вацлава Гаўла – ягоных палітычных эсэ, – то некаторыя з іх фрагментарна друкаваліся па-беларуску ў розных перыядычных выданнях (газета “Наша Ніва”, часопісы “Крыніца”, “Фрагмэнты”, “ARCHE”). За сваю літаратурную, грамадскую і палітычную дзейнасць Вацлаў Гавал атрымаў мноства міжнародных узнагародаў, неаднаразова вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру. У 2008 г. ён стаўся і ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтра.
Драматургія Вацлава Гаўла па-беларуску
Агулам Вацлаў Гавал напісаў амаль два дзесяткі п’есаў. На беларускую перакладзены “Свята ў садзе” (Zahradní slavnost - у зборніку “Пры зачыненых дзвярах”. Мінск: Мастацкая літаратура, 1995, пераклад Лявона Баршчэўскага), “Пратэст” (Protest - пераклад Сяргея Сматрычэнкі) і “Аўдыенцыя” (Audience / “Крыніца”, 1997, № 1 (27) - пераклад Ірыны Шаблоўскай).
Паводле reuters.com, svaboda.org, prajdzisvet.org ды інш. інтэрнэт-крыніц.