Памёр Юры Малаш

Раптоўна пайшоў з жыцця Юры Малаш, кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны», удзельнік многіх мастацкіх выставаў і навуковых канферэнцыяў.

Саюз беларускіх пісьменнікаў шчыра спачувае блізкім і знаёмым Юрыя Малаша.

Малаш Юрый Леанідавіч нарадзіўся 16.01.1957 г. у Менску ў сям’і працоўных.

Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці "Гісторыя". Працаваў настаўнікам у школах Менска, у архіве. Апошнім часам — старшым навуковым супрацоўнікам ДУ Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». Аўтар кніг «Патаемнае наіўных мастакоў Беларусі» (2007), адзін з аўтараў кнігі «Беларускія маляваныя дываны» (2005). Займаўся рукапіснай кнігай, кнігай-мастака (artist-book).

Займаўся даследаваннем народнага мастацтва беларусаў, гісторыяй горада Заслаўе, шмат увагі надаваў спадчыне мастака Язэпа Драздовіча.

Некаторыя з аўтарскіх кніг захоўваюцца у Нацыянальнацй бібліятэцы Беларусі ("Покліч Рагнеды", "Дзівосны лубок" ды інш.), у Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі ("Фаліянты Белай Русі", "У райскім садзе Алены Кіш").

Пахаванне Юрыя Малаша адбылося ўчора.

zbsb.org