Памёр аўтар «Дыктатара», шведскі пісьменнік Ульф Старк

Ён рана пачаў пісаць, у сярэдняй школе яго пісьменніцтву паспрыяў аднакласнік Петэр Курман. У 1964 годзе выйшаў першы зборнік паэзіі пісьменніка, і з таго часу яго кар'ера плённа развівалася. Першыя творы для дзяцей былі надрукаваныя ў 1975 і 1976 гадах. У 1984 годзе ён вырашыў цалкам сябе прысвяціць дзіцячай літаратуры.

Лаўрэат прэстыжных міжнародных прэмій. У 2000 годзе Міжнароднае журы прэміі Х. К. Андэрсена адзначыла яго заслугі асаблівым дыпломам. Яго творы перакладзеныя на многія замежныя мовы. У 2012 годзе па-беларуску выйшла кніга Ульфа Старка "Дыктатар" з малюнкамі Лінды Бондэстам (пераклад Насты Лабады і Вольгі Рызмаковай, выдавецтва "Логвінаў").

У лютым 2012 года Ульф Старк прыязджаў у Беларусь, каб прэзентаваць сваю кнігу ў мінскай галерэі "Ў".

Саюз беларускіх пісьменнікаў глыбока смуткуе з прычыны адыходу сябра Беларусі, пісьменніка Ульфа Старка і выказвае шчырыя спачуванні сям'і пісьменніка, яго жонцы, паэтцы і перакладчыцы Яніне Арлоў.

Ульф Старк (у цэнтры) на прэзентацыі ў Мінску, 18 лютага 2012 г.

Аўтографы мінскім чытачам і чытачкам

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"