Памёр беларускі паэт Мікалай Віняцкі

Мікалай Фёдаравіч Віняцкі

Мікалай Фёдаравіч Віняцкі нарадзіўся 13 красавіка 1939 года ў вёсцы Чыгірынка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі вучыўся ў Мінскім політэхнікуме.

Працоўны шлях пачаў тапографам. Без адрыву ад вытворчасці скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аспірантуру пры Беларускім тэхналагічным інстытуце. Усё сваё далейшае жыццё прысвяціў тапографа-геадэзічнай дзейнасці. Кандыдат тэхнічных навук па спецыяльнасці "Геадэзія". Да выхаду на пенсію працаваў галоўным рэдактарам Беларускага картографа-геадэзічнага аб'яднання "Белгеадэзія". Быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Літаратурнай дзейнасцю займаўся са школьных гадоў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар кніг паэзіі:

"Пад крылом лебядзіным…" (1996),
"Каб не пагасла зорачка надзей…" (1998),
"Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі" (1999),
"Адзвінелі жытоў каласы" (2001),
"Залатое пачуццяў руно" (2004).

Сярод літаратурных дасягненняў Мікалая Фёдаравіча можна вылучыць стварэнне вянка вянкоў санетаў (кніга "Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі"). Акрамя таго аўтар выкарыстоўваў у сваёй паэзіі цэлы шэраг экзатычных жанраў: тэрцэты, квінцілы, секстыны, септымы, ноны, дэцымы і г.д.

Апошнія 10 год Мікалай Фёдаравіч пакутаваў пасля перанесеных прыступаў інсульту.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" смуткуе і выказвае спачуванні родным і блізкім паэта. 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"