Памёр драматург Славамір Мрожак

© Agencja Gazeta

Славамір Мрожак дэбютаваў у якасці карыкатурыста ў 1950 г., а ў 1953 г. апублікаваў серыю малюнкаў. У той жа час выпусціў першы зборнік апавяданняў.

Першая п’еса Мрожака выйшла ў 1958 годзе, а п’еса «Танга» 1964 года робіць драматурга сусветна вядомым. У 1963 г. Мрожак эмігруе з Польшчы ў ЗША, пасля ў Францыю, затым у Мексіку.

Беларусь, як і іншыя краіны Усходняй Еўропы, трапіла пад моцны уплыў Мрожака, які стаў першым драматургам-абсурдыстам, чые п’есы паставілі ў СССР.

У 1996 г. Мрожак вярнуўся ў Польшчу. У 2002 годзе перажыў інсульт, што прывяло да страты маўлення. З дапамогай тэрапіі, якая працягвалася каля трох гадоў, вярнуў сабе здольнасць пісаць і размаўляць.

У 2008 г. выехаў з Польшчы ў Францыю. Па яго словах, у Ніцы быў больш спрыяльны клімат, паведамляе Wyborcza.pl

«Мрожак наблізіў камуністычны тэатр да сусветных стандартаў, гэта быў сапраўдны прарыў, — расказвае тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі, які пераклаў некалькі п’ес Мрожака. — Галоўнай тэмай у ягонай творчасці было ўварванне ўлады ў асабістую прастору чалавека. У камуністычным тэатры, зразумела, такая тэма не закраналася».

«Менавіта з ягоным імём звязана ўзнікненне студыйнага тэатральнага руху ў 80-я гады, — кажа Ракіцкі. — Мрожак і Ружэвіч назаўжды змянілі аблічча беларускага тэатра, адной з тых першых пастановак стаў «Стрыптыз», які паставіў Рыд Таліпаў у Коласаўскім тэатры. Мрожака ставіў Мікалай Пінігін — у Гродненскім тэатры лялек. Тэатр імя Янкі Купалы паставіў «Дом на мяжы» ў маім перакладзе — п’есу пра тое, як улада кантралюе чалавека, дзе б ён не знаходзіўся: за сталом, у ложку. Гэта была надзвычай актуальная пастаноўка. Тады беларускі тэатр дзякуючы Мрожаку зрабіў сапраўдны прарыў — ад традыцыйнага рэалізму, да інтэлектуальнага тэатра, тэатра парадоксу. Да таго ж для Беларусі вельмі важны публіцыстычны кантэкст у творах Мрожака — ягоныя пастаноўкі сталі сапраўдным тэатральным пратэстам».

nn.byWyborcza.pl