Памёр Ігар Жук

Ігар Васільевіч Жук нарадзіўся 13 чэрвеня 1957 года. Шмат гадоў займаўся тэорыяй празаічнага рытму, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі па літаратуры, выкладаў на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у апошні час працаваў прафесарам кафедры беларускай філалогіі гэтай навучальнай установы. Дзякуючы Ігару Жуку ўпершыню ў гісторыі літаратуразнаўства быў апісаны механізм атрымання з дапамогай камп’ютарнай апрацоўкі тэксту метрычных аўтарскіх эталонаў і разгледжана сістэма іх дынамічнага ўзаемадзеяння. «Рытмічны інстынкт», адлюстраваны ў іх, адкрыў дадатковыя магчымасці для аналізу асаблівасцяў мастацкага стылю майстроў беларускай прозы – Янкі Брыля, Васіля Быкава, Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, Кузьмы Чорнага.

Зусім нядаўна, 13 чэрвеня, Сакратарыят нашага Саюза беларускіх пісьменнікаў віншаваў Ігара Васільевіча з 60-годдзем, а некалькі дзён таму старшыня Гродзенскай абласной філіі СБП уручыў Ігару Жуку памятны віншавальны адрас ад старшыні СБП. Сёння сэрца Ігара Жука спынілася.

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра смуткуе з нагоды сыходу вядомага беларускага крытыка і літаратуразнаўцы і выказвае спачуванні родным і блізкім спачылага.

Кніга Ігара Жука "Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання"(pdf)

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"