Памёр гісторык Анатоль Грыцкевіч. Развітанне адбудзецца 22 студзеня

Анатоль Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 года ў Мінску.

Быў правадзейсным сябрам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (з 1999), ганоровым сябрам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Маскоўскага гісторыка-радаводнага таварыства, ганаровым сябрам Таварыства беларускай культуры ў Літве, ганаровым сябрам гісторыка-культурнага клуба “Спадчына”. У 2001—2005 гг. быў прэзідэнтам МГА Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Апроч таго, ён адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага Фронту і Таварыства беларускай мовы. Яго аўтарству належыць 7 манаграфій і больш як 1300 навуковых артыкулаў, улічваючы і артыкулы ў энцыклапедыях.

У 2008 г. быў узнагароджаны дыпломам “Пшэглёнду Всходнего” імя Аляксандра Гейштара ў Варшаўскім універсітэце за шматгадовую арганізацыйную дзейнасць у асяроддзі беларускіх гісторыкаў. У 1998 г. міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні прызнаны Чалавекам года. Выступаў на міжнародных навуковых канферэнцыях у Рыме, Парыжы, Лондане, Будапешце, Кракаве, Варшаве, Вільні і Санкт-Пецярбургу.

У 2013 г. у залатой серыі «Беларускага кнігазбору» выйшла кніга гісторыка «Выбранае», а ўвосень 2014-га «Сцягі Оршы», прысвечаная 500-годдзю бітвы пад Оршай.

Рыцар беларушчыны: Пісьменнік Уладзімір Арлоў пра гісторыка Анатоля Грыцкевіча

Адпяванне вядомага беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча пройдзе ў чацвер, 22 студзеня, у 12 гадзін, у Чырвоным касцёле ў Мінску.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміла ўдава Анатоля Грыцкевіча Арыядна Мікалаеўна.

Паводле яе слоў, пасля крэмацыі прах Анатоля Грыцкевіча пахаваюць у магіле маці на Усходніх могілках Мінска. Раней там быў пахаваны брат Анатоля Грыцкевіча Валянцін — кіраўнік беларускай суполкі ў Санкт-Пецярбургу, які памёр у 2013 годзе.

budzma.by, nn.by