Памёр літаратуразнаўца Аляксандр Станюта

На 75-м годзе жыцця сышоў у іншы свет доктар філалагічных навук, вядомы літаратуразнаўца і пісьменнік, сябра СБП Аляксандр Станюта, сын славутай Стэфаніі Станюты. Саюз беларускіх пісьменнікаў выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім літаратара.
Аляксандр Аляксандаравіч Станюта нарадзіўся 17.10.1936 г. у горадзе Менску ў акцёрскай сям'і.
Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Працаваў у рэспубліканскай газеце «Знамя юности» літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела інфармацыі, літаратуры і мастацтва (1960-1970). Вучыўся ў аспірантуры пры кафедры расейскай класічнай літаратуры БДУ (1971-1973), з 1973 г. выкладае там гісторыю літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1985 г.
З літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі выступаў з 1960 г. Піcаў на беларускай і расейскай мовах.
Напісаў шэраг апавяданняў, а таксама аповесць «Мост» (часопіс «Маладосць», 1984), сцэнарый дакументальнага фільма «Такі характар» (зняты ў 1984), раман пра маці "Жыццё актрысы".
Прэсавая служба СБП, nn.by