Памёр літаратуразнаўца Генадзь Праневіч

Генадзь Праневіч нарадзiўся 3 кастрычнiка 1950 года ў в. Жарабковiчы Ляхавiцкага раёна Берасцейскай вобласцi ў сялянскай сям‘i. Скончыў Жарабковiцкую сярэднюю школу. Працаваў токарам на Берасцейскiм заводзе «Газаапарат», пасля рабочым пошукавага аддзела «Аблмiжкалгаспраекта» у абоасным цэнтры.

У вераснi 1969 году стаў студэнтам беларуска-расейскага аддзялення фiлалагiчнага факультэта Белдзяржунiверсiтэта, якi скончыў у 1974 годзе. Два гады служыў афіцэрам у Савецкай Армii. Пасля выкладаў беларускую і расейскую лiтаратуры i займаў пасаду намеснiка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў Берасцейскiм СГПТВ-65 будаўнiкоў. Пасля заканчэння аспiрантуры пры кафедры беларускай літаратуры Белдзяржунiверсiтэта з снежня 1983 г. пачаў працаваць у Берасцейскiм педагагiчным iнстытуце асiстэнтам на кафедры беларускай лiтаратуры. У 1990 г. абаранiў кандыдацкую дысертацыю.

У чэрвенi 1991 г. выбраны на пасаду дацэнта кафедры беларускага лiтаратуразнаўства. У сакавiку 1994 г. па прапанове Уладзіміра Калесніка быў абраны загадчыкам кафедры беларускага лiтаратуразнаўства. З 1997 па травень 2000 г. быў у дактарантуры пра Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Двойчы (1999, 2002 гг.) стажыраваўся пры Інстытуце Польскай філалогіі Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. Цягам 10 гадоў — з 1994 па 2004 г. — абіраўся старшынём Берасцейскага аддзялення ГА «Фонд імя Льва Сапегі».

З 2000-га працаваў дацэнтам кафедры беларускага літаратуразнаўства Берасцейскага дзяржуніверсітэта. Генадзь Праневіч — аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых працаў. Ведамы як літаратурны крытык, паэт і публіцыст. Грунтоўна даследаваў узаемасувязi сярэднявечнай i новай беларускай лiтаратуры, працэсы гісторыка-культурнага ўзаемадзеяння і развіцця рамантызму ў славянскіх літаратурах. Даследаваў біяграфію Льва Сапегі, выдаў на гэтую тэму шэраг кніжак. У Генадзя Праневіча засталіся жонка і трое дарослых дзяцей. Светлая памяць…