Памёр літаратурны крытык і перакладчык Уладзімір Анісковіч

— Нарадзіўся Уладзімір Анісковіч у вёсцы Гасцілавічы на Лагойшчыне. Да заканчэння журфака адзінаццаць гадоў працаваў кіроўцам тралейбуса, -- успамінае Віктар Шніп. -- Апошнім ягоным месцам працы было выдавецтва «Юнацтва», дзе спадар Уладзімір стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі за складанне казак народаў СССР.

Анісковіч добра валодаў балгарскай мовай і шмат з яе перакладаў і быў на перакладчыцкай ніве адным з галоўных (па ягоных словах) канкурэнтаў у свайго земляка Ніла Гілевіча. Я з Уладзімірам Анісковічам пазнаёміўся ў пачатку 90-х у Доме творчасці «Іслач». Мы кожны дзень з ім хадзілі па Ракаўскіх лясах. Я збіраў для дзяцей ягады, а Уладзімір Ігнатавіч вязаў венікі для лазні, якую вельмі любіў.

З ім было цікава паразмаўляць. Ён быў шчырым і часам наіўным, як хлапчук.

Нягледзячы на тое, што Анісковіч па ўзросту быў для мяне, як бацька, аднак ён са мной кантактаваў, як з аднагодкам. Нават раіўся ці варта яму другі раз жаніцца, і я сказаў, калі кахаеце адно аднаго, то чаму б і не зрабіць гэта. На жаль, пасля «Іслачы» мы сустракаліся ўсё радзей і радзей, і цяпер тут на гэтым свеце ўжо ніколі разам не парадуемся жыццю… -- адзначыў спадар Віктар. 

Злева направа: пісьменнікі Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Анісковіч ў рэдакцыі «Літаратура і Мастацтва», 1979 год, SPUTNIK/ Яўген Коктыш

nn.by

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Ігнатавіча.