Памёр пісьменнік і журналіст Анатоль Казловіч

14 кастрычніка пасля цяжкай хваробы на 66-м годзе жыцця памёр беларускі журналіст, пісьменнік, сцэнарыст, педагог, сябра СБП Анатоль Казловіч.
Саюз беларускіх пісьменнікаў выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім беларускага літаратара.
Анатоль Казловіч нарадзіўся ў вёсцы Горск Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Любімаму Палессю, яго лёсу і людзям ён прысвяціў шматлікія свае нарысы і кнігі.
Анатоль Казлович працаваў у «Сельской газете», кіраваў аддзелам нарыса і публіцыстыкі часопіса «Нёман», амаль чвэрць стагоддзя быў уласным карэспандэнтам маскоўскай «Литературной газеты» па Беларусі, арганізаваў і рэдагаваў фермерскую газету «Новая зямля», праваабарончае выданне «Круг», працаваў першым намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Народная воля».
Акрамя таго, ён выкладаў журналісцкія дысцыпліны ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва (Мінск), Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня).
Пачаўшы ў юнацтве з вершаў, Анатоль Казловіч затым стаў вядомы як майстар мастацка-дакументальнай прозы. Аўтар паўтара дзясятка кніг, сцэнарыяў шэрагу дакументальных фільмаў. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЕН-цэнтра.
Нават у застойныя савецкія гады Казловіч змог пісаць вострую публіцыстыку, праўдзівыя псіхалагічныя нарысы. Яго журналісцкія публікацыі і кнігі вызначаюцца адточаным стылем, філасофскім поглядам на жыццё, тонкай іроніяй.
Анатоль Казловіч хварэў душой за тое, каб беларусы, народ з надзвычай драматычнай гісторыяй, сталі, нарэшце, гаспадарамі свайго лёсу.
БелаПАН, nn.by