Памёр пісьменнік Янка Сіпакоў

 Яго не стала 10 сакавіка. 15 студзеня пісьменнік адзначыў 75-годдзе.

Янка Сіпакоў нарадзіўся ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ.

Першы верш надрукаваў у 1953 годзе ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў». Аўтар паэтычных зборнікаў «Сонечны дождж», «З вясны ў лета», «У поўдзень, да вады», кніг прозы «Крыло цішыні», «Жанчына сярод мужчын», «Журба ў стылі рэтра». Перакладаў на беларускую паэзію У. Уітмена, Хо Шы Міна, Ф.Прэшарна, Р.Гамзатава, Д.Паўлычкі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР за кнігу паэзіі «Веча славянскіх балад».

Генадзь Бураўкін пра смерць Янкі Сіпакова:

— Для мяне гэта жахлівая вестка. Зусім нядаўна мы разам ляжалі ў бальніцы. Ён трывожыўся за жыццё. Я стараўся вывесці яго з сумнага стану, надаць весялосці. Можа і дарма — трэба было пагаварыць па-іншаму. Але мне не хацелася верыць, што яго хвароба закончыцца так трагічна.

Янка Сіпакоў з нашага пакалення шасцідзясятнікаў, пакалення, апаленага вайной.

Для мяне ён быў найбольш беларускім па характары і ў творчасці.

Ён не быў рэзкім з сябрамі. Не быў радыкальным у іншых пытаннях. Быў мяккім, памяркоўным беларусам.

Бог бачыць тое, што не бачым мы, і спрыяе, каб таленты паспелі ўсё зрабіць на зямлі, што ім адведзена. Янка таленавіта і шмат працаваў і ў паэзіі, і ў перакладах, і ў прозе, і ў эсэістыцы. І асабліва за апошнія гады так шмат кніжак падараваў, што я нават па-сяброўску зайздросціў яму. Цяпер разумею, што яму трэба было расказаць пра свае Зубрэвічы, пра сяброў, пра сваю бібліятэку… Дзякуй Богу, што ён паспеў гэта зрабіць.

Не хочацца згаджацца з тым, што ён больш не патэлефануе і не скажа: «Генадзь, у мяне новая кніга выйшла. Як яе перадаць табе?» Думаю, што яшчэ шмат засталося ненадрукаванага ў яго. І ўсё павінна выйсці. Але падаруе новыя кнігі мне ўжо не ён.

Хочацца папрасіць даравання ў Янкі за тое, што яго імя выкідаецца са студэнцкіх праграм за тое, што ён да канца ціха, але прынцыпова любіў Беларусь, што ён не ўяўляе сябе на іншай службе, як Беларусі і яе народу.

nn.by