Памёр рускі перакладчык і літаратурны крытык Віктар Тапароў

Віктар Тапароў. Фота izvestia.ru

Віктару Тапарову было 67 гадоў, ён цяжка хварэў і нядаўна перанёс аперацыю. Дакладная прычына смерці пакуль не паведамляецца.

Віктар Тапароў нарадзіўся ў 1946 годзе ў Ленінградзе. У 1969-м скончыў філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта з дыпломам германіста. У час навучання займаўся выданнем студэнцкага часопіса “Звенья”. З 1972 года публікаваўся як паэт-перакладчык і крытык замежнай літаратуры, з 1987 года — як крытык сучаснай рускай літаратуры, а з 1990 года стаў палітычным публіцыстам. 

У яго перакладах на рускай мове выйшлі вершы Джона Дона, Джорджа Гордана Байрана, Ўільяма Блэйка, Персі Шэлi, Эдгара По, Роберта Браўнінга, Оскара Ўайлда, Рэд’ярда Кіплінга і многіх іншых паэтаў. Сам Тапароў напісаў кнігі “Двойное дно. Признание скандалиста” (1999), “Похороны Гулливера в стране лилипутов” (2002) і “Руки брадобрея” (2003). Тапароў быў лаўрэатам шматлікіх прэмій, сярод іх — аўстрыйская прэмія імя Георга Тракля, прэміі “Чалавек і кнігі” і “Залатое пяро Русі”. 

Віктар Тапароў быў галоўным рэдактарам выдавецтва “Лимбус Пресс” і адным з заснавальнікаў літаратурнай прэміі “Нацыянальны бэстсэлер”. У апошнія гады працаваў у газеце “Известия”.

ПрайдзіСвет