Памёр шведскі пісьменнік Хенінг Манкель

Год таму дактары выявілі ў яго рак. Пухліны былі ў горле і левым лёгкім. Манкель заваяваў папулярнасць перш за ўсё як аўтар раманаў пра камісара паліцыі Курта Валандэра.

Хенінг Манкель нарадзіўся 3 лютага 1948 г. у Стакгольме. Праз год пасля нараджэння хлопчыка яго бацькі развяліся. Дзіця засталося з бацькам, які служыў суддзёй. Хенінг быў часта аддадзены самому сабе, бо бацька быў вельмі заняты на працы. Хлопчык захапіўся літаратурай і тэатрам. Са школьных гадоў ён марыў стаць пісьменнікам.

Манкель спавядаў левыя палітычныя погляды. Ён актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць вайны ў В'етнаме і рэжыму апартэіду ў ПАР. У 70-я ён пераехаў у Нарвегію, дзе далучыўся да Працоўнай камуністычнай партыі, якая стаяла на пазіцыях мааізму. Тады ж пабачылі свет яго першыя раманы. У асноўным гэта былі крымінальныя драмы.

У 1991 годзе Хенінг Манкель выдаў першую кнігу пра камісара Валандэра “Безаблічныя забойцы”. У Швецыі гэты дэтэктыў, напісаны ў жанры нуар, адразу стаў папулярным і атрымаў некалькі прэстыжных прэмій. У іншых краінах пра Манкеля і яго героя загаварылі толькі пасля трэцяга рамана, які называецца “Белая ільвіца”. Манкеля пачалі называць пераемнікам шведскіх пісьменнікаў Пэра Вале і Мая Шэваля, якія праславіліся серыяй кніг пра камісара паліцыі Марціна Бека. Хенінг Манкель не пярэчыў, але пайшоў далей. Яго кнігі былі глыбейшыя з сацыяльнага пункту гледжання. Злачынствы ў іх былі вынікам хвароб сучаснага грамадства: праблем мігрантаў, тэрарызму і экстрэмізму, рэлігійнага фанатызму, збяднення насельніцтва. Прыцягвае чытачоў і вобраз Валандэра. Гэта ніякі не супермен. Ён жыве і працуе ў невялікім шведскім мястэчку, пакутуе на алкагалізм і павінны быў ужо даўно зненавідзець увесь чалавечы род. Аднак Курт Валандэр, штодня сутыкаючыся з жорсткасцю і гвалтам, застаецца гуманістам і робіць сваю справу.

Раманы пра шведскага камісара былі экранізаваныя. Найбольш удалымі лічацца серыялы, знятыя шведскім тэлебачаннем. Высокія ацэнкі атрымаў таксама серыял, зняты Бі-Бі-Сі. Ролю Валандэра ў ім выканаў папулярны акцёр Кенэт Брана.

Яшчэ адным захапленнем пісьменніка заўсёды была Афрыка, яе гісторыя, культура, мастацтва. З пачатку 70-х гадоў Манкель падарожнічаў па афрыканскіх краінах. Ён нейкі час жыў у Замбіі, Зімбабвэ, Мазамбіку. Там пісьменнік займаўся дабрачыннай дзейнасцю і зрабіў шмат шчодрых асабістых ахвяраванняў.

Хенінг Манкель быў жанаты чатыры разы. Яго апошняй жонкай стала дачка легендарнага рэжысёра Інгмара Бергмана Ева Бергман. Яны сталі мужам і жонкай у 1998 годзе.

 

Паводле fakty.ua
ПрайдзіСвет