Памёр Іван Пташнікаў (дададзены час і месца развітання)

Іван Пташнікаў — прадстаўнік пасляваеннага "філалагічнага" пакалення беларускіх пісьменнікаў — нарадзіўся 7 кастрычніка 1932 года ў вёсцы Задроздзе на Лагойшчыне, дзіцём перажыў тры гады нямецкай акупацыі. Пасля вайны скончыў школу, а ў 1957 годзе журналісцкае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі адзін год працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, а пазней у рэдакцыях літаратурных часопісаў: рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 г. і да выхаду на пенсію — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1959 г.

Іван Мікалаевіч — аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968, паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1989). Многія з ягоных твораў дзясяткі гадоў вывучаюцца школьнікамі на ўроках беларускай літаратуры.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуе з прычыны смерці Івана Мікалаевіча і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім пісьменніка.

Інфармацыя ад сям'і Івана Пташнікава: пахаванне адбудзецца заўтра, 30 ліпеня. Ад'езд аўтобусам ад спецкамбіната (вул. Альшэўскага, 12) а 13.00. У 14.00 — пачатак грамадзянскай паніхіды ў рытуальнай залі крэматорыя на Паўночных могілках. А 15.00 — пахаванне і ад'езд.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"